Латушка паведаміць МАК імёны 150 спартоўцаў, звязаных з сілавымі структурамі РБ
Павел Латушка
Каманда Паўла Латушкі перадасць у Міжнародны Алімпійскі камітэт імёны больш як 150 спартоўцаў і спартовых функцыянераў, звязаных з беларускімі сілавымі структурамі. Пра гэта палітык паведаміў па выніках удзелу ў II Еўрапейскім кангрэсе спорту і турызму.
Ён перасцерагае, што на Алімпіяду-2024 ад Беларусі можа прыехаць "каманда афіцэраў КДБ".
Латушка падкрэсліў, што беларускія атлеты, якія займаюць антываенную пазіцыю, зазнаюць падвойную дыскрымінацыю. У Беларусі іх выключаюць са зборных, звальняюць, уключаюць у "чорныя спісы", а то і саджаюць за краты. А за мяжой іх не дапускаюць да спаборніцтваў.
"Беларускі спартсмен-дысідэнт застаецца безабаронным", — падсумоўвае палітык.
Прадстаўнік АПК прапануе выкарыстоўваць польскі досвед: дапускаць да турніраў у нейтральным статусе беларускіх спартоўцаў з "выразнай грамадзянскай антываеннай пазіцыяй", якія не фінансуюцца рэжымам у Мінску. Таксама Латушка прапаноўвае дапускаць да міжнародных турніраў беларускіх спартоўцаў-дысідэнтаў без заяўкі ад той ці іншай нацыянальнай федэрацыі.
Міжнародны алімпійскі камітэт раней казаў, што спартоўцаў з Беларусі і Расіі дапусцяць да Алімпіяды ў Парыжы ў нейтральным статусе пры ўмове асуджэння расійскага ўварвання ва Украіну. Афіцыйнага запрашэння да ўдзелу ў Алімпіядзе-2024 ні Беларусь, ні Расія дагэтуль не атрымалі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.