Латвія заклікае ўлады ЕС абмежаваць камерцыйны ўвоз катоў і сабак з РБ і РФ
Сабака, ілюстрацыйнае фота
Латвія мае намер звярнуцца ў Еўракамісію з просьбай увесці абмежаванні на камерцыйны ўвоз катоў і сабак з Беларусі і Расіі, піша Delfi. Чыноўнікі з мясцовай Харчова-ветэрынарнай службы адзначаюць, што апошнім часам праз Латвію ў ЕС з трэціх краін увозіцца мноства катоў і сабак. Часам у дакументах гэтых жывёл знаходзяць парушэнні. Службы Латвіі ў гэтых умовах не могуць гарантаваць, што жывёла сапраўды здарова, ёсць рызыка распаўсюджвання шаленства.
Латвійская служба ў аднабаковым парадку ўжо ўзмацніла кантроль на мяжы за ўвозам сабак і катоў для продажу. У прыватнасці, у жывёл бяруць кроў на антыцелы, каб пераканацца, што яны сапраўды прышчэплены ад шаленства. У 6 з 14 выпадкаў узровень антыцелаў у крыві жывёл апынуўся ніжэй дапушчальнага. Ва ўсіх выпадках гэта былі сабакі з Беларусі і Расіі. Пры гэтым у іх былі ветэрынарныя сертыфікаты, выдадзеныя ў Беларусі, і пашпарты, выдадзеныя ў Расіі. Гэтых жывёл чакалі людзі з розных краін ЕС, а таксама прытулкі для жывёл у Германіі.
З Беларусі і Расіі кожны месяц праз латвійскую мяжу ўвозіцца больш за 1000 катоў і сабак. Пры гэтым толькі 38 з іх з пачатку года накіроўваліся да гаспадароў у Латвію. Астатнія рухаліся ў іншыя краіны ЕС.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.