Лепшая блогерша свету: "Гадзіць у каментах і свабода слова — не адно і тое ж"

Ксенія Авімава, беларуская журналістка і блогерша (карыстальніца жж – ak-bara) стала пераможцай міжнароднага конкурсу “ The Best of Blogs 2007” у намінацыі “Лепшы блог” . Яна адказала на пытанні пра блог, творачасць, фотажурналістыку і свае бліжэйшыя планы пасля перамогі.
Ксенія, а ці памятаеш ты, які фотаздымак з’явіўся першым у жж ak-bara?


Калі не памыляюся, гэты фотаздымак тычыўся манастыра бернардзінцаў, які збіраліся знішчыць. Я там палазіла і зрабіла некалькі фотак чужым фотаапаратам.


У якой ступені лайфжорнал дапамагае табе развівацца як фатографу?


У той ступені, у якой я здольная штодзень посціць фатаграфіі, атрымоўваць каментары, у тым ліку і крытычныя, якія дапамагаюць мне бачыць свае памылкі.


Чаму ў якасці мастацкага аб’екта ты абрала культуру паўсядзённасці?


Гэта хутчэй рэпартажнае фота. Я перш за ўсё журналіст, і бачу тое, што адбываецца навокал, і… я лічу, што не варта ўпрыгожваць рэальнасць і цешыцца рознымі інструментамі апрацоўкі фатаздымкаў ці рабіць пастановачныя здымкі.


Гэта нецікава, бо ў апрацаваных фотаздымках няма жыцця, якое акаляе нас. Раней я звяртала ўвагу на нейкія эпізоды наваколля, і мне было сумна, што я ніяк не магла гэта неяк зафіксаваць.


На жаль, у галаве няма фотакамеры, каб друкаваць тое, што я бачу. Шмат момантаў гублялася. Я не хацела іх больш губляць, і таму я пачала фатаграфаваць.

Калі у мяне атрымліваецца злавіць жывы момант рэальнасці — я шчаслівая.


Вернемся да конкурсу. Ці сачыла ты за іншымі канкурсантамі? Чытала іх блогі?


Калі я рэгістравалася, то хуценька прагледзела нейкія блогі. Перш за ўсё мяне цікавілі беларускія блогеры. Я знайшла сярод іх некалькі сваіх знаёмых і забылася на гэты конкурс.

Калі быў другі этап конкурсу, мне пра яго нагадалі, падарылі сертыфікат на платны акаўнт ЖЖ. Пра гэта я кораценька напісала ў сваім журнале і вырашыла дыстанцыявацца ад конкурсу, каб не расстройвацца лішні раз, не нервавацца і не піярыцца, тым больш.

Так што я не сачыла за гэтым усім.


Але ж ты перамагла. Што за ўзнагароду для цябе падрыхтавалі? Ведаеш?


Так. Гэта ноўтбук, але я, шчыра сказаць, не ведаю, што з ім рабіць і як яго прывезці ў Беларусь, бо яго ж трэба растаможыць.


Што будзеш рабіць пасля перамогі? Ёсць у цябе планы, як развіваць свой праект далей?


Мяне запрасілі прыняць удзел у нямецкім праекце pletki.net. Гэта сеціўны праект, які збірае плёткі і стэрэатыпы пра краіны Усходняй Еўропы. Мяне запрасілі ў праект у якасці фатографа.


Я планую і надалей удзельнічаць у конкурсах, каб сачыць за рэакцыяй людзей на мае працы.


Спадзяюся, што, як у казцы, прыйдзе добры працадаўца і скажа: маўляў, а давай-ка ты будзеш працаваць у нас фотакарэспандэнтам.


Ты ніколі не думала пра асабістую выставу?


Ранавата яшчэ. Я лічу, што мае працы не вельмі высокай якасці. Я толькі пачынаю, разумееш? І калі мне кажуць, маўляў, такія працы абы-што, яны не прафесійныя і ўсё такое, то, калі адкінуць усё хамства, я пагаджуся з такім меркаваннем.


Я хачу вучыцца і менавіта для гэтага вяду блог, каб паляпшаць свой узровень і пастаянна фатаграфаваць.



Я сёння чытала каментары ў тваім жж, дзе акрамя віншаванняў сустракаліся і ананімныя каментатары, якія пішуць, што твае фатаздымкі безгустоўныя, а перамога дасталася табе выключна таму, што ты з Беларусі, а Беларусь увесь свет лічыць “непаўнавартаснай” краінай, таму перамогу табе і аддалі. Як ты ставішся да Інтэрнэтнай крытыкі без цэнзуры?


Я стаўлюся да крытыкі добра, калі гэта не хамства. Есць такі жарт: “шмат хто лічыць, што гадзіць у каментах і свабода слова — гэта не адно і тое ж”. Гэта дзве асобныя рэчы.


Я мяркую, што крытыка павінна дапамагаць, а не нараджаць комплексы. На жаль, такой крытыкі мала.


Дзеля “правільнай” крытыкі я звяртаюся да вядомага фатографа з агенцтва “Associated Press” Сяргея Грыца, які літаральна на пальцах тлумачыць мне, што не так у маіх фотаздымках і што можна зрабіць лепш.


Што тычыцца ананімных каментатараў, то яны мяне не вельмі турбуюць, бо я не лічу сябе крутым фатографам.


Ксенія, скажы, ну ты хоць радая была перамозе?


Я вельмі радая! Я нават падскочыла ад радасці, калі даведалася пра перамогу!


Еўрарадыё жадае табе поспехаў і выключна добрых фотаздымкаў!

Фотаздымкі пераможцы, узятыя з яе ЖЖ ak-bara.livejournal.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі