Лідары краін NATO заклікаюць Беларусь спыніць падтрымку расійскай агрэсіі
У Бруселі прайшоў надзвычайны саміт NATO, прысвечаны расійскай агрэсіі ва Украіне і пытанням глабальнай бяспекі. Па выніках саміту яго ўдзельнікі прынялі сумесную заяву.
Яны выказваюць поўную салідарнасць з Украінай и абяцаюць ёй палітычную і практычную падтрымку, дапамогу ў кібербяспецы, абарону ад хімічнай, біялягічнай, радыелагічнай і ядзернай пагроз.
Таксама яны заклікаюць Кітай ды іншыя краіны не падтрымліваць агрэсію Расіі.
Згадваецца ў рэзалюцыі і Беларусь: "Мы самым рашучым чынам асуджаем ўварванне Расіі ва Украіну. Мы заклікаем прэзідэнта Пуціна неадкладна спыніць гэтую вайну і вывесці ўзброеныя сілы з Украіны, а таксама заклікаем Беларусь спыніць свой саўдзел у адпаведнасці з Рэзалюцыяй аб агрэсіі супраць Украіны, прынятай Генеральнай Асамблеяй ААН 2 сакавіка 2022 года".
Гаворыцца ў заяве і пра тое, якія меры прымае альянс на сваіх усходніх межах:
"У адказ на дзеяньні Расіі мы задзейнічалі планы абароны NATO, разгарнулі элементы Сіл рэагавання NATO і размясцілі 40 000 вайскоўцаў на нашым усходнім флангу, а таксама значныя ваенна-паветраныя і ваенна-марскія сілы пад непасрэдным камандаваннем NATO пры падтрымцы саюзнікаў.
Мы таксама ствараем чатыры дадатковыя шматнацыянальныя баявыя групы ў Балгарыі, Венгрыі, Румыніі і Славакіі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.