Лідскія памежнікі за тыдзень канфіскавалі тры дроны
Дрон / кадр з відэа Памежнага камітэта
Парушальнікам пагражаюць штрафы.
На пачатку верасня лідскія памежнікі канфіскавалі ў парушальнікаў тры дроны, паведамляе прэс-служба Памежнага камітэта.
2 верасня ў Воранаўскім раёне каля мяжы з Літвой паводле інфармацыі ад мясцовых жыхароў затрымалі невядомага пры спробе незаконнага пераходу мяжы.
Выявілася, што гэта 28-гадовы жыхар Воранаўскага раёна. Мужчына меў тэлефон з сім-картамі літоўскага і беларускага аператараў. Недалёка ад месца затрымання, як паведамляецца, "памежны нарад выявіў таварна-матэрыяльныя каштоўнасці падакцызнай групы". Можна меркаваць, што гаворка ідзе пра кантрабанду цыгарэтаў. Дома ў затрыманага знайшлі два дроны з камплектуючымі.
Паведамляецца таксама, што менш за месяц таму мужчыну прыцягвалі да адказнасці за незаконнае знаходжанне ў пагранпаласе.
Другі выпадак адбыўся 7 верасня каля літоўскай мяжы ў раёне населенага пункта Роўбішкі. Там за парушэнне памежнага рэжыму затрымалі 30-гадовага жыхара Ліды. У яго дома таксама знайшлі квадракоптар з камплектуючымі.
На парушальнікаў пачалі адміністрацыйныя справы. На першага — за спробу незаконнага перасячэння мяжы і парушэнне памежнага рэжыму, на другога — за парушэнне памежнага рэжыму.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.