Лілія Кобзік: Наш чалавек баіцца Еўропы
Рэдактарка газеты “Турызм і адпачынак” тлумачыць, чаму расійскія турысты больш падобныя да еўрапейцаў, чым беларусы, і раіць, дзе танна адпачыць летам.
Еўрарадыё: Сярэдняя пуцёўка ў Егіпет каштуе каля 500 долараў. Ці
ёсць яшчэ нехта ў Беларусі, хто мае грошы на такі адпачынак?
Лілія Кобзік: Вядома, ёсць. Вы не забывайцеся пра
тое, што па-першае ёсць пытанне прыярытэтаў і чалавек адкладае нейкія сумы. Мы
ніколі не робім так, як еўрапеец. Ён колькі зарабляе ў месяц, столькі і можа
выдаткаваць на адпачынак – тысячу, дзве, тры тысячы еўра. У нас гэта заўсёды
пытанне адмовы сабе ў чымсьці, дзеля таго каб зрабіць іншае – адмовы ў чымсьці,
каб набыць аўто, адмовы ў чымсьці, каб паехаць на мора з дзецьмі, усім разам,
летам. Таму нават зыходзячы з гэтага пункту гледжання, людзі выкручваюцца,
грошы знаходзяцца і ў адпачынак ездзяць.
А ўвогуле, пытанне няпростае. Даволі шмат беларусаў працуюць зараз у Маскве, у
Расіі, даволі шмат працуюць у Еўропе. Дзякуючы гэтаму іх сем’і маюць магчымасць
адпачываць, магчымасць траціць грошы. Гэта такі шлях, якім ідуць шмат якія
краіны на розных этапах развіцця. Як быў у нас слой даволі багатых людзей, так
ён і застаецца, інакш бы ў нас не было ўлетку некалькі новых астравоў сярод
напрамкаў, на якія можна паехаць. Чартарныя ланцужкі на Корфу, на Тасас –
грэчаскія астравы, новы ланцужок у Італію, у Аполію. Ёсць людзі, якія маюць
гэтую магчымасць. Мы сярэдні слой і вышэй сярэдняга накіроўваем на Захад, а
слой небагатых расійскіх турыстаў скіроўваецца да нас. Такое лёгкае змяшчэнне
адбываецца.
Еўрарадыё: Ды і большасць месцаў у беларускіх
санаторыях ужо за паўгода занятая расейцамі…
Лілія Кобзік: Расіяне шмат у чым паводзяць сябе як
еўрапейцы. Яны браніруюць месца за год-паўтара. Калі яны прыязджаюць да нас
адпачываць на сваіх аўто, яны паводзяць сябе як еўрапейцы, яны ездзяць,
залазяць у такія куткі, пра якія нават мы не ведаем, з мапамі якія самі сабе
робяць. Мы ж так не можам, мы не ведаем, што будзе заўтра. Можа, заўтра “
Белавію” “Аэрафлот” купіць. А можа, ніхто нікога не купіць. Цяжка штосьці
прагназаваць. А расіяне шмат у чым упэўненыя.
Еўрарадыё: Можа, сама Беларусь як Еўропа
штурхае іх да больш цывілізаваных паводзінаў?
Лілія Кобзік: Мы маем дзіўны брэнд. З аднаго боку,
прыемнае ўражанне – лёгкі еўрапейскі глянец. А з другога боку – тое чым
страшылі, спраўдзілася: назад у СССР. Кажуць, што рэстараны тут на святы
выстаўлялі бюсты Леніна, іх няшмат, але яны былі. Таму што гэта сімволіка, гэта
адпаведны стыль.
Еўрарадыё: Але паводле статыстыкі беларусы не
сталі менш ездзіць за мяжу?
Лілія Кобзік: Адток
адбыўся ў мінулым годзе. Тады быў шок – усё зрушылася, для турбізнэса быў
землятрус, не было валюты, рынак згубіў 100 тысяч турыстаў. Рынак не адновіцца
ў гэтым годзе, у прынцыпе, адбылося знішчэнне самага нізу сярэдняга класа. Я
лічу, што бізнэсмены вярнулі сваё, бо такая прырода бізнэсу, ён выкручваецца з
любых абставінаў. А вось лекар, настаўнік, некарумпаваны чыноўнік, інтэлігенцыя
– яны яшчэ ў шоку. Гэты шок, напэўна, пройдзе, але яшчэ цягнецца.
А
бізнэсмены падарожнічаюць у Еўропу, а не ў Турцыю. Хоць і Турцыя не танная, але
рынак падціснуўся, не прапануе шмат чаго вельмі дарагога. Прапануецца тое, што
павінна быць рэалізаванае. Некаторыя кажуць, маўляў турысты адцягнутыя ад
турфірмаў паехалі самастойна – праз Вільню, WizzAir, Барыспаль. Але я не
адчуваю такой тэндэнцыі. Вядома, робіцца шмат візаў, але я падарожнічаю, я бачу
турыстаў, бачу нашых людзей. Наш чалавек не змяніўся за апошнія 20 гадоў, ён не
размаўляе па-англійску. Таму ў нас па-ранейшаму попыт на турыстычныя аўтобусныя
маршруты. Вядома, нейкія зрухі адбываюцца, пакаленні мяняюцца, але наш чалавек
баіцца Еўропы. Маладзейшыя прылятаюць у Рым, аднак гэта не масава. Масава –
даезд да Брэст, перасадка ў шыкарны аўтобус падрыхтаваны фірмай. І далей –
Польшча, Германія, Люксембург, і ўсё гэта з гідам. Людзі гэтага хочуць, ім
патрэбная дапамога фірмы, патрэбныя такія праграмы, і сама Еўропа ў такім сэнсе
патрэбная. Але не будзем скідаць з рахунку факт, што ў нас дарагія рэчы і ежа ў
параўнанні з заробкамі. І ў параўнанні з гэтым блякнуць кошты пуцёвак. Зараз людзі
едуць на закупы ў “Ашаны” ды “Акропалісы”. Мы едзем туды, бо там таннейшае.
Еўрарадыё: Тыя, хто зараз менш ездзіць за
мяжу, ці сталі больш ездзіць па Беларусі?
Лілія Кобзік: Людзі хочуць ездзіць па Беларусі. Але
чаго хочацца на адпачынку найбольш? Сэрвісу. І ў гэтае слова кожны можа ўкласці
свой сэнс. Чаму мы едзем у Егіпет ці Турцыю? Бо там “усё ўключана”, табе
ўсміхаецца афіцыянт, для цябе рыхтуюць нумар у гатэлі. Гэта чалавечы фактар. А
я заўсёды паўтараю, што сэрвіс не бывае дзяржаўным. Усе гатэлі, санаторыі,
фірмы ствараюць пэўную сістэму каардынат. І мы з гэтай сістэмы выпалі,
апынуліся з боку ад усіх працэсаў. Падрыхтоўка спецыялістаў – гэта тэхналогіі.
А ў нас рвецца ланцужок, няма нацыянальных традыцый, мала стажыровак у Еўропе.
Мы спадзяемся, што будзе чэмпіянат, што набудуюць гатэляў, з’явяцца
ланцужкі.
Еўрарадыё: Што папулярнае сярод моладзі? Куды
вы параіце з’ездзіць нядорага?
Лілія Кобзік: Я
патрыёт. Моладзі можна параіць беларускі адпачынак – тыя ж сплавы. Ёсць больш
камфортныя, ёсць менш камфортныя – шыкоўны адпачынак. І прырода не саступае
замежнай. Вяртаешся з Чырвонага мора, выходзіш на байдарцы, купаешся ў чыстай
вадзе і па адчуваннях яна нічым не саступае. Ровар, байдарка, намёт – усё гэта
для моладзі. У прынцыпе, мы ж Беларусь не ведаем. Хацелася б, каб моладзь
набіралася чагосьці свайго. А па-другое, у свеце столькі рамантыкі – Грэцыя,
Італія, Гоа, Кіпр. З моладдзю прасцей крыху, у іх англійская мова, мабільнасць,
тэхналогіі. Для іх адкрыты практычна ўвесь свет. І паколькі гэта адкрыццё
сезона – я б параіла з’ездзіць у Апулію. Гэта самы абцасік на поўдні Італіі,
там вельмі рамантычна і прыгожа.