“Лістапад”: Грошай на VIP-гасцей няма, але хаця б конкурсная праграма будзе

“Лістапад”: Грошай на VIP-гасцей няма, але хаця б конкурсная праграма будзе

Праз недахоп фінансавання нацыянальны кінафестываль “Лістапад” пад пагрозай зрыву. Ці, як мінімум, праходзіць ён будзе не ў сталіцы, а ў рэгіёнах, праграмы скароцяць, а VIP-гасцей не будзе. І ўсё нібыта праз тое, што ў фінансаванні адмовіў галоўны спонсар — “Беларуськалій”.

Старшыня кінафестывалю “Лістапад”, акцёр, рэжысёр і старшыня Белтэлерадыёкампаніі ў адной асобе Генадзь Давыдзька на пытанне пра сітуацыю з фестывалем рэагуе спакойна:

“Давайце пагаворым пра гэта пасля 11 верасня. У мяне няма дакладнай інфармацыі, бо фестывалем я яшчэ не займаўся. Я не думаю, што такое жахлівае там усё — усё нармальна будзе". 
“Лістапад”: Грошай на VIP-гасцей няма, але хаця б конкурсная праграма будзе

Фестываль адбудзецца — я ў гэтым упэўнены! І грошы будуць, і фестываль будзе. Можа, дырэкцыя будзе іншая, калі гэтая не зможа справіцца з задачамі — гэта іншая справа

Генадзь Давыдзька

Не менш аптымістычна глядзяць на сітуацыю і ў Міністэрстве культуры. Праўда, папярэдне нагадаўшы, што і яны, і Мінгарвыканкам свае абавязанні перад кінафестывалем выканалі, забяспечылі сваю частку фінансавання.

“Так, ёсць пэўныя цяжкасці з пошукам спонсараў, і я выдатна разумею трывогу арганізатараў фестывалю, дырэкцыі, але ў кожным выпадку, фестывалю — быць! Магу вас запэўніць, што “Лістапад” адбудзецца”, — упэўнена кажа загадчыца аддзела арганізацыйнай працы і інфармацыі Мінкульта Ілона Немава.

Вось толькі ў дырэкцыі “Лістапада” настрой не такі аптымістычны. Грошы, якія выдаткоўваюць на фестываль Мінкульт і Мінгарвыканкам, — гэта толькі 40% ад патрэбнай сумы, кажа дырэктар Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” Анжэла Крашэўская

“Лістапад”: Грошай на VIP-гасцей няма, але хаця б конкурсная праграма будзе

Я магу сказаць, што грошай на VIP-гасцей у нас дакладна сёлета няма. Яны і летась здарыліся вельмі нечакана. Але на кіно, мне хочацца верыць, мы ўсе магчымасці адшукаем. Разам з Міністэрствам культуры, вядома, і з горадам. І хаця б будуць конкурсныя праграмы

Анжэла Крашэўская

І таму, нягледзячы на дзірку ў бюджэце, людзі працуюць, складаюць праграмы — робяць усё ад іх залежнае, каб фестываль адбыўся. Да ўсяго, дырэкцыя працягвае шукаць спонсараў, але звароты па дапамогу да прыватнага бізнесу выніку не даюць. І гэта вельмі абурае Крашэўскую.

Анжэла Крашэўская: “Мы спрабуем зразумець сітуацыю з бізнесам: бізнесу ніколі не была цікавая культура. І вось якая матывацыя павінная быць у бізнесу, каб яны ўкладаліся ў кіно, у тэатр — увогуле ў культуру? Вось Wargaming прывёз Сігала. Дрэнны акцёр, але ж акцёр, няважна, мае ж адносіны да кінематографа. А мы ж прывозім сусветных зорак кіно: у нас былі і рэжысёры, і акцёры. Мы ж можам быць цікавым партнёрам для таго, хто праявіць цікаваць да фестывалю!”

Асобныя прадпрымальнікі пагаджаюцца дапамагчы, але, кажа Анжэла Крашэўская, даюць яны нязначныя сумы, а ім у любым выпадку патрэбная больш за паловы сумы. Калі ўлічыць, што бюджэт “Лістапада” — 7-8 мільярдаў недэмінаваных рублёў, то сёння не хапае каля 4 мільярдаў. Дык што ж на самай справе думае наконт дапамогі кінафестывалю “Беларуськалій”?

“У мяне дакладнай інфармацыі на гэты конт няма, але мы пакуль сапраўды не разглядалі гэтае пытанне. У сэнсе ў станоўчым плане”, — кажа памочнік гендырэктара “Беларуськалія” па сувязях са СМІ Вадзім Шуман.

Але нават такая недакладная інфармацыя радуе Анжэлу Крашэўскую. Маўляў, можа, яны ўсё ж надумаюцца і дапамогуць “Лістападу”.

Фота: www.listapad.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі