Літоўскі журналіст: “Некаторым адказам Лукашэнкі я не паверыў”

Напярэдадні паездкі Аляксандра Лукашэнкі ў Літву журналісты тэлеканала „Lietuvos ryto“  Рыта Мілютэ (Rita Miliūte) i Эдмундас Якілайціс (Edmundas Jakilaitis) пагутарылі з беларускім прэзідэнтам. Эдмунд Якілайці расказаў Еўрарадыё, як рэагаваў Лукашэнка на пытанні аб зніклых беларускіх палітыках і асабістым жыцці, ці прысутнічаў на сустрэчы Коля і ці ўсім адказам паверыў журналіст. Еўрарадыё: “Ці праходзілі пытанні, якія вы падрыхтавалі для размовы з Лукашэнкам, нейкую цэнзуру ў Адміністрацыі прэзідэнта ці ў яго прэс-службе?”

Эдмундас Якілайціс: “Не, мы не перасылалі ў прэс-службу свае пытанні. Толькі ўзгаднілі тэмы з маёй калегай Рытай Мілютэ з Нацыянальнага тэлебачання Літвы, і яна пераслала некалькі думак на тэму нашай размовы з прэзідэнтам Беларусі. Мы ніколі не дасылаем і не перадаем пытанні для ўзгаднення, бо гэта дрэнная практыка для журналіста. Добрая практыка журналіста — гэта даць тэмы размовы, каб чалавек мог падрыхтавацца. Але канкрэтныя пытанні мы ніколі не даем”.

Еўрарадыё:
“Няўжо беларускі бок нават не выказваў пажадання, каб усе пытанні былі загадзя прадстаўленыя? Можа, у такім выпадку вам перадалі, што такія вось тэмы прэзідэнт не хоча абмяркоўваць?”

Эдмундас Якілайціс: “Не было і такога. На мой погляд, калі такое і здараецца, то толькі ў выпадку з беларускай прэсай. З літоўскай прэсай рабіць такое немагчыма, і яны такое нават не спрабавалі рабіць. Нават ужо па дарозе на сустрэчу прэс-сакратар прэзідэнта сказаў нам: “Мы атрымалі вашыя тэмы. Там, канечне, вельмі мала напісана, і калі ў вас узнікнуць нейкія яшчэ думкі, то можаце пытацца што заўгодна”. Вось мы і пыталіся што заўгодна: не толькі пра палітыку, але і пра сына, пра жанчын, пра спорт. Часам ён быў вельмі эмацыйны, часам — дзелавы. Інтэрв’ю было… гарачым, я б сказаў. Замест адной гадзіны мы прагаварылі гадзіну і 50 хвілін”.

Еўрарадыё:
“Ці былі пытанні, якія вы адпачатку сабе запісалі, але потым вырашылі іх не задаваць? Ці тэмы, ад якіх у апошні момант адмовіліся?”

Эдмундас Якілайціс:
“Не было. Наадварот, ён сам пачаў гаварыць на некаторыя тэмы, як, напрыклад, трагічныя падзеі 13 студзеня 1991 года ў Вільні. Ён сказаў, што быў адным з дэпутатаў беларускага парламента, якія ехалі падтрымаць Літву. Дык вось, у нас адразу ўзнікла пытанне: чаму тады ў Беларусі знайшлі прытулак такія людзі, як генерал Усхопчык, які, паводле нашых звестак, даў загад страляць у людзей? Узніклі і іншыя пытанні: наконт сына, наконт яго жонкі і каханай жанчыны ды іншыя, на якія ён адказваў. Пыталіся і наконт Расіі, і наконт Еўрапейскага Саюза — вельмі-вельмі шмат пытанняў”.

Еўрарадыё: “Дарэчы, наконт генерал-маёра Уладзіміра Ўсхопчыка: ён не толькі знайшоў прытулак у Беларусі пасля падзей 1991 года, але і стаў тут намеснікам міністра абароны. Адказваючы на вашае пытанне, Лукашэнка заявіў, што не меў афіцыйных звестак аб злачынствах генерала ў Літве. Вы паверылі гэтаму адказу?”

Эдмундас Якілайціс:
“Асабіста я — не паверыў. Бо гэта пытанне прэзідэнту Беларусі задаецца ўжо не першы раз. І ён пра гэта чуў. Але ці чытаў ён матэрыялы літоўскай пракуратуры, гэтага я сказаць не магу”.

Еўрарадыё:
“Якія вы атрымалі адказы на пытанне пра тое, чаму Лукашэнка не жыве са сваёй законнай жонкай? Што адказаў на пытанне пра каханак?”

Эдмундас Якілайціс: “Ён намякнуў на тое, што сваю жонку ён не бярэ ў свет з-за яе знешняга выгляду, я так зразумеў. Што жанчыну ён ўвогуле не жадае браць, бо так склалася яго жыццё, але яшчэ і таму, што ён не бачыць сэнсу ў гэтым”.

Еўрарадыё: “У апошні час амаль на ўсіх сустрэчах Лукашэнка з’яўляецца з сынам Колем. На вашай сустрэчы хлопчык прысутнічаў?”

Эдмундас Якілайціс: “Не, на гэтай сустрэчы яго не было. Прэзідэнт сказаў, што ён у дзіцячым садку. Але ён сказаў, што возьме яго з сабой у Літву. Мы ведаем, што ён пойдзе там гуляць з няняй ці з кім яшчэ. Што да сустрэчы з Даляй Грыбаўскайтэ — ці будзе ён там прысутнічаць, ён адказаў, што павінен гэта ўзгадніць з прэзідэнтам, бо ён не бярэ не запрошаных гасцей”.

Еўрарадыё: “Калі ў Мінску Лукашэнка пераязджае з аднаго месца ў другое, міліцыянты перакрываюць рух па усім шляху яго картэжа. Ці не пыталіся ў яго пра меры бяспекі, якімі ён думае атачыць сябе ў Вільні?”

Эдмундас Якілайціс: “Ні ў адной краіне свету немагчыма ўводзіць свае сістэмы аховы. У Літве ёсць літоўскія спецыялісты аховы, і яны зробяць усё, каб госці Літвы былі ў бяспецы. Праўда, я не думаю, што гэта будуць нейкія спецыяльныя меры. У нас прэзідэнт стаіць у заторах. І спыняецца каля светлафораў”.

Еўрарадыё: “Вашае ўражанне ад беларускага лідэра? Як ён рэагаваў на самыя непрыемныя пытанні?”

Эдмундас Якілайціс:
“Ён рэагаваў вельмі эмацыйна. Потым нават выбачаўся за гэта і казаў, што ён вельмі эмацыйны чалавек. І што ён заўсёды так рэагуе. Я думаю, што гэта было нармальнае інтэрв’ю з прэзідэнтам. І пытанні былі зададзеныя тыя, якія цікавыя не толькі ў Літве, але і ў іншых краінах. Я б не сказаў, што гэта была нейкая "звышпадзея". Ну, мы ўзялі інтэрв’ю у прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, задалі пытанні, якія хацелі. І на гэтым усё”.

Еўрарадыё: “Вы не паставіліся да гэтага як да чагосьці выбітнага?”

Эдмундас Якілайціс: “Канечне, гэта вельмі цікава, цікавы чалавек, цікава пагутарыць. Але ў сваёй журналісцкай практыцы я гаварыў і з Джорджам Бушам, і з Ясірам Арафатам. Не кажучы ўжо пра прэзідэнтаў Еўропы. Але я прашу прабачэння: сёння ў нашым парламенце імпічмент спікера, у мяне прамая трансляцыя праз некалькі хвілін і трэба рабіць інтэрв’ю для эфіра. Таму я развітваюся”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі