Лукашэнка: Азербайджан заўсёды можа разлічваць на Беларусь
Азербайджан заўсёды можа разлічваць на Беларусь. Пра гэта падчас афіцыйнай сустрэчы з прэзідэнтам гэтай краіны Ільхамам Аліевым заявіў Аляксандр Лукашэнка. Беларускі кіраўнік пры гэтым падкрэсліў, што “ў Беларусі памятаюць, калі ў цяжкі час Азербайджан падставіў сваё плячо”.
У сваю чаргу азербайджанскі прэзідэнт бачыць “вельмі пазітыўную дынаміку і вынікі” супрацоўніцтва з Беларуссю.
Ільхам Аліеў прыбыў у Мінск позна ўвечары ў пятніцу. Яго візіт у Беларусь разлічаны на 27-28 лістапада. Сёння Лукашэнка прыняў Аліева ў Палацы Незалежнасці. Ля ўваходу ў Зімовы сад палаца кіраўнікі краінаў павіталі адзін аднаго, а затым разам здзейснілі абыход строю ганаровай варты і павіталі афіцыйныя дэлегацыі, якія размясціліся ля ўвахода ў залу ўрачыстых цырымоніяў, перадае БЕЛТА.
У праграме візіту Аліева — перамовы з Лукашэнкам у вузкім і пашыраным складзе, а таксама наведванне музея Вялікай Айчыннай вайны і ўскладанне кветак да манумента Перамогі ў Мінску.
Фота: БЕЛТА