Лукашэнка: Беларусь ні за якія грошы не стане рваць адносіны з братняй Расіяй
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь ні за якія грошы не стане рваць адносіны з Расіяй. Заява прагучала ў пятніцу на сустрэчы з міністрам замежных спраў Латвіі Эдгарсам Рынкевічсам.
"Мы хочам добрых стасункаў з Заходняй Еўропай, Еўрасаюзам, ЗША, разумеючы, што значыць ЕС і Амерыка, але мы ніколі не станем рваць нашы адносіны, ні за якія грошы, з братняй Расіяй", — цытуе ТАСС словы беларускага кіраўніка.
Лукашэнка падкрэсліў, што яго рэйтынг у шматнацыянальнай Расіі — вышэй за 60%. "Чаму мы павінны коса глядзець на гэтую краіну, якая ў цяжкую хвіліну заўсёды падстаўляла нам плячо? Але гэта не значыць, што мы можам адмаўляцца ў дачыненні да Захаду, Усходу, Кітая сваімі прынцыповымі інтарэсамі", — дадаў ён.
Лукашэнка запэўніў кіраўніка латвійскай дыпламатыі, што Беларусі захавае свой суверэнітэт. "Можаце быць упэўненыя, што вы маеце адносіны з суверэннай незалежнай дзяржавай. Так, думаю, будзе заўсёды. Па меншай меры, пакуль я прэзідэнт, гэта дакладна", — падкрэсліў кіраўнік Беларусі.