У Міжнародным судзе ў Гаазе будуць вывучаць дакументы па злачынствах Лукашэнкі
Страхі Аляксандра Лукашэнкі: усе дарогі вядуць у Гаагу
Пракурор Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе Карым Хан правядзе папярэдняе вывучэнне дакументаў па злачынствах Аляксандра Лукашэнкі. 30 верасня стала вядома, што ўрад Літвы афіцыйна перадаў у Офіс пракурора МКС матэрыялы па трансгранічных злачынствах рэжыму Лукашэнкі супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларусаў. Яны адбываліся як на тэрыторыі Беларусі, так і на тэрыторыі краін-удзельніц Рымскага статута.
Як піша пракурор, у сваім звароце Літва паказала, што з 2020 года "па сённяшні дзень працягваюцца злачынствы супраць чалавечнасці, у тым ліку дэпартацыя, пераслед і іншыя бесчалавечныя дзеянні, у дачыненні да грамадзянскага насельніцтва Беларусі па ўказанні вышэйшых палітычных, праваахоўных і ваенных кіраўнікоў Беларусі, і што частка складу гэтых злачынстваў была здзейсненая на тэрыторыі Літвы, а таму гэтыя злачынствы часова, тэрытарыяльна і матэрыяльна (як прадмет) падпадаюць па юрысдыкцыю суда".
Расследаванне не пачнецца "аўтаматычна". Як піша Хан, будзе высвятляцца, "ці ёсць разумныя падставы для [яго] пачатку". Аднак Аляксандр Лукашэнка ўжо нервуецца. Нядаўна ён згадваў пра гэтую спробу яго прыцягнуць да адказнасці ў Гаазе.
"Рашэнне Літвы звярнуцца ў Міжнародны крымінальны суд супраць беларускага рэжыму — важны крок да справядлівасці для Беларусі, — кажа кіраўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская. — На працягу больш чым чатырох гадоў беларусы пакутуюць ад жорсткіх рэпрэсіяў пасля фальсіфікацыі выбараў-2020. Злачынствы, якія здзейсніў рэжым Лукашэнкі, не павінны заставацца беспакаранымі. Мы верым, што разам з Літвой і міжнароднай супольнасцю забяспечым дастатковую колькасць доказаў, каб прыцягнуць вінаватых да адказнасці".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.