Лукашэнка дамаўляецца пра $1 млрд тавараабароту з усімі краінамі па чарзе

Лукашэнка дамаўляецца пра $1 млрд тавараабароту з усімі краінамі па чарзе

Аляксандр Лукашэнка дамаўляецца пра $1 млрд тавараабароту з усімі краінамі па чарзе. Калі пагартаць сайт кіраўніка краіны, можна знайсці шмат справаздач з розных афіцыйных візітаў. Вось вам некалькі прыкладаў таго, як Лукашэнка плануе рост тавараабароту. Паўсюль магічным чынам з'яўляецца лічба ў $1 млрд.

Пакістан

5 кастрычніка 2016 года Аляксандр Лукашэнка наведаў Пакістан. "Мы дамовіліся з прэм'ер-міністрам цягам чатырох гадоў вывесці наш тавараабарот на ўзровень $1 млрд. Як хочаце дамаўляйцеся паміж сабой, але праз чатыры гады $1 млрд, не менш (больш можна), мусіць быть", — заявіў кіраўнік краіны па выніках перамоваў.

Але год таму, падчас Беларуска-Пакістанскага бізнэс-форума, Лукашэнка ўжо казаў пра $1 млрд тавараабароту з Пакістанам! Тады ён "бачыў усе перадумовы" для актызізацыі гандлю, бо да гэтага часу тавараабарот "быў зусім невялікім — $50-65 млн за год". І што адбылося з таго часу? Гандаль з Пакістанам... скараціўся! Толькі за студзень-ліпень 2016 года — мінус 13,9%.

Індыя

24 чэрвеня 2016 года Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з прэм'ер-міністрам Індыі Нарэндрай Дамадарасам Модзі. Бакі "дамовіліся, каб прыкладна да 2018 года дасягнуць узроўню таваразвароту... у $1 млрд"! За сем месяцаў гэтага года гандаль з Індыяй упаў на чвэрць— да $225,5 млн.

Лукашэнка дамаўляецца пра $1 млрд тавараабароту з усімі краінамі па чарзе
Калі планы сутыкаюцца з рэальнасцю.

Інданезія

14 красавіка 2016 года кіраўнік Беларусі сустракаўся з віцэ-прэзідэнтам Інданезіі Юсуфам Калай. Размаўлялі пра тое, каб дасягнуць тавараабароту... "на ўзроўні больш за $1 млрд". Зноў гэтая лічба!

Але яшчэ цікавей, што пра тавараабарот з Інданезіяй у $1 млрд (да 2018 года) Аляксандр Лукашэнка таксама ўжо казаў. Год таму, 25 траўня 2015 года. І што вы думаеце? У першым паўгоддзі 2016 года гандаль Беларусі і Інданезіі зрабіў-такі першыя крокі на няпростым шляху да мільярда долараў: ён павялічыўся на 3,4%, да $133,6 млн.

Малдова

16 ліпеня 2015 года ў Мінск прыязджаў прэзідэнт Малдовы Мікалай Цімофці. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на "высокі ўзровень тавараабароту ў $400 млн", якога краіны дасягнулі па выніках мінулага года. Але раней, наведваючы Малдову 25 верасня 2014 года, кіраўнік Беларусі хваліўся тавараабаротам з Малдовай у $360 млн і выказваў меркаванне, што краінам "трэба арыентавацца на павелічэнне тавараабароту да $1 млрд"!

Што стала з гэтымі планамі? 2 кастрычніка 2016 года беларускі прэм'ер Андрэй Кабякоў заявіў, што Беларусь і Малдова разлічваюць выйсці на тавараабарот "мінімум $400 млн".

Турцыя

29 сакавіка 2013 года, сустракаючыся з тагачасным міністрам замежных справаў Турцыі Ахметам Давутаглу, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што тавараабарот паміж краінамі наблізіўся да $0,5 млрд. Турэцкі міністр пагадзіўся, што краіны могуць больш: "Мы маглі б павялічыць наш тавараабарот у гэтым годзе да $1 млрд, а цягам 2-3 гадоў — і да некалькіх мільярдаў".

У 2015 годзе тавараабарот Беларусі і Турцыі — 630 мільёнаў долараў.

В'етнам, Сербія, ААЭ

Часам, калі краіна, з якой гандлюе Беларусь, невялікая, Аляксандр Лукашэнка называе лічбу не ў $1 млрд, а ў $500 млн. Так адбылося, напрыклад, падчас размоваў з афіцыйнымі асобамі В'етнама, Сербіі і Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў. Апошні выпадак цікавейшы за астатнія. 29 кастрычніка 2014 года, наведваючы Эміраты, кіраўнік Беларусі вырашыў "неадкладна сфарміраваць групу тавараў, у якіх мае патрэбу ААЭ у наступным годзе выйсці на аб'ём тавараабароту ў $500 млн". Праз год, сустракаючыся з амбасадарам ААЭ ў Беларусі, Лукашэнка канстатаваў тавараабарот у $70 млн. "Гэта не той паказчык, які павінен існаваць паміж нашымі краінамі", — расчаравана заўважыў ён. А амбасадар Мухамед Абдала Мухамед аль-Гафлі заявіў, што "не сумняецца, што ўзровень узаемнага тавараабароту ў $500 млн, як і дамаўляліся лідары дзвюх дзяржаваў, будзе дасягнуты".

І што маем: 30 мільёнаў за 2015 год і 17 мільёнаў за сем месяцаў гэтага года.

Еўрарадыё склала для вас таблічку з марамі Аляксандра Лукашэнкі і іншых беларускіх чыноўнікаў пра павышэнне тавараабароту. Актуальныя звесткі бралі з сайта Белстата і з сайта Дзяржаўнага мытнага камітэта. З гэтых жа крыніцаў вынятыя лічбы, што сустракаюцца ў артыкуле.

Чаму чыноўнікі ўвесь час кажуць пра $1 млрд, і ці дасяжная гэтая лічба?

"Сума гэтая сімвалічная, — мяркуе эканаміст Леанід Заіка. — Лічба ў $1 млрд. заварожвае жыхароў маленькай краіны. Мільён долараў — гэта шмат, а тут — мільярд! Гэта распаўсюджваецца і на беларускага прэзідэнта. А другі момант: толькі дурань будзе складаць экспарт і імпарт і лічыць гэта дасягненнем. Для Беларусі самае галоўнае — экспарт! Можна ж экспартаваць тавары на $100 млн і пры гэтым імпартаваць на $900 млн. Атрымаецца ў суме $1 млрд, але гэта будзе абсалютна неэфектыўны гандаль. Беларускім чыноўнікам прасцей складаць вераб'ёў і зайцоў, экспарт і імпарт. Прафесіяналы гэтага рабіць не будуць".

Галоўнае фота: Big Rate.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі