Стартуе "Еўрабачанне". Каго лічаць фаварытамі і як паглядзець шоу ў Беларусі?
Прадстаўнік Швейцарыі Nemo
Чарговае "Еўрабачанне" стартуе ў шведскім горадзе Мальмё. Першы паўфінал конкурсу песні пройдзе 7 траўня, другі прызначаны на 9 траўня, а 11-га ўся Еўропа (і Аўстралія ў дадатак) будуць сачыць за фіналам. Пераможцу, як і ў папярэднія гады, выберуць галасаваннем тэлегледачоў і сябраў прафесійнага журы.
Каго называюць фаварытамі "Еўрабачання-2024"?
Вядома, "Еўрабачанне" — конкурс часта непрадказальны, але букмекеры ўжо вызначыліся з тым, хто мае вялікія шанцы на перамогу. На першае месца цяпер ставяць харвацкага выканаўцу Baby Lasagna з песняй "Rim Tim Tagi Dim". Яна многім можа нагадаць леташні выступ фінскага рэпера Käärijä.
На другім месцы ў букмекераў цяпер швейцарскі ўдзельнік "Еўрабачання" Nemo і яго песня "The Code". Эпатажны артыст з бадзёрым электрапопам мае ўсе шанцы на лідарства сёлета.
Трэцяе месца сярод удзельнікаў "Еўрабачання-2024" у букмекераў займаюць украінскія артысткі Alyona Alyona і Jerry Heil з кампазіцыяй "Teresa & Maria".
Мяркуючы з галасаванняў фанатаў на найбуйнейшых сайтах пра "Еўрабачанне", асноўныя лідары — Харватыя і Швейцарыя. Таксама ў топы фанацкіх рэйтынгаў уваходзяць італьянская спявачка Angelina Mango з песняй "La noia" і нідэрландскі выканаўца Joost Klein з бадзёрым еўрадэнсам "Europapa".
А як паглядзець "Еўрабачанне-2024" у Беларусі?
"Беларусь 1 "больш не паказвае "Еўрабачанне", бо з 2021 года Беларусь адхіленая ад удзелу ў ім, а сяброўства Белтэлерадыёкампаніі ў Еўрапейскім вяшчальным саюзе прыпыненае. Чаму? Рэч у парушэнні правоў чалавека і прапагандзе ў эфіры.
Але выхад, вядома, ёсць: і паўфіналы, і фінал "Еўрабачання" можна будзе паглядзець у анлайн-трансляцыі. Еўрарадыё будзе размяшчаць патрэбныя спасылкі ў дні паўфіналаў і фіналу. А пакуль можаце паглядзець запіс фіналу "Еўрабачання-2023".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.