Ад эміграцыі да БТ: што стала з удзельнікамі дзіцячага Еўрабачання ад Беларусі
Удзельнікі дзіцячага Еўрабачання ад Беларусі
Беларусь перастала выступаць на дзіцячым Еўрабачанні ў 2021 годзе. Тады ўдзел Белтэлерадыёкампаніі ў Еўрапейскім вяшчальным саюзе прыпынілі з-за распаўсюджвання прапаганды і парушэння свабоды слова.
Аднак да таго на дзіцячым песенным конкурсе наша краіна выступала вельмі паспяхова: беларусы двойчы перамагалі і некалькі разоў уваходзілі ў тройку прызёраў.
Еўрарадыё ўзгадвае самых вядомых прадстаўнікоў Беларусі на дзіцячым Еўрабачанні і расказвае, як склалася іх жыццё.
Ксенія Сітнік. Выказалася супраць гвалту і вайны
Мабыць, найбольш вядомая ўдзельніца з Беларусі на еўрапейскім песенным конкурсе — Ксенія Сітнік, з самага дзяцінства была таленавітым дзіцём. У 2005 годзе яна выйграла нацыянальны адбор і адправілася на Еўрабачанне ў Бельгію, дзе стала пераможцай з песняй "Мы разам".
Пасля гэтага кар'ера дзяўчынкі пайшла ўгару. Яе сталі запрашаць на тэлебачанне, яна выдала некалькі альбомаў. А ў 2013 годзе паступіла вучыцца ў Чэхію — у Англа-амерыканскі ўніверсітэт на аддзяленне міжнароднай журналістыкі.
У жніўні 2020 года на сваёй старонцы ў Instagram яна апублікавала пост у падтрымку беларускіх пратэстаў і супраць гвалту. А ў сакавіку 2022-га выказвалася супраць развязанай Пуціным вайны ва Украіне.
Цяпер дзяўчына займаецца журналістыкай, піярам, чытае кнігі і піша вершы. Акрамя таго, Ксенія вядзе тэлеграм-канал.
Аляксей Жыгалковіч. Працуе рэжысёрам, жыве ў Варшаве
Мінчанін Аляксей Жыгалковіч захапіўся вакалам у 5 гадоў. У 2007 годзе выйграў нацыянальны адбор на ўдзел у дзіцячым Еўрабачанні з песняй "З сябрамі", якую сам і напісаў.
На конкурсе ў Нідэрландах Жыгалковіч абагнаў выканаўцу з Арменіі ўсяго на 1 бал і прынёс Беларусі другую перамогу на дзіцячым Еўрабачанні.
У інтэрв'ю "СБ" у 2017 годзе ён расказваў, што стаміўся ад эстрады і захапіўся здымкамі і мантажом відэаролікаў. Потым Жыгалковіч скончыў Акадэмію мастацтваў і стаў працаваць рэжысёрам тэлебачання.
Як да рэжысёра, па яго ж словах, да яго звярталіся многія беларускія і расійскія артысты. Мяркуючы па старонцы Жыгалковіча ў Facebook, у 2021 годзе ён перабраўся ў Варшаву, дзе займаецца фота- і відэаздымкамі.
Вольга Сацюк. Магчыма, жыве ў Парыжы, але гэта недакладна
9-гадовая Вольга Сацюк прадставіла Беларусь на першым дзіцячым Еўрабачанні ў 2003 годзе з песняй "Танцуй". З вынікам 103 балы яна заняла чацвёртае месца.
У нулявыя Сацюк сумяшчала кар'еру спявачкі з працай на тэлебачанні. Вяла адборы на Еўрабачанне, конкурсную праграму "Славянскага базару" і многія іншыя праекты. У 2009 годзе стала салісткай поп-гурта "Краски".
Атрымала адукацыю ва Універсітэце культуры і мастацтваў па спецыяльнасці эстрадны вакал, пісала тэксты для песень, здымала кліпы.
У 2019 годзе вяла эфір з закулісся дзіцячага Еўрабачання ў Мінску. А тры гады таму з'явілася ў ролі вядучай трэвэл-шоу "Селапаляцела", якое выходзіла ў Казахстане, Кыргызстане і на беларускім тэлеканале ВТВ.
Сацюк актыўна вядзе сацыяльныя сеткі, дзе публікуе шмат сумесных фатаграфій з музыкам французскага паходжання П'ерам Эдэлем. Магчыма, яна жыве ў Парыжы. Але гэта недакладна.
Андрэй Кунец. Грае ў тэатры
Ужо праз год пасля перамогі Ксеніі Сітнік на дзіцячым Еўрабачанні Беларусь зноў магла узяць першае месца. На конкурсе ў Бухарэсце ў 2006 годзе 11-гадовы Андрэй Кунец набраў 129 балаў і саступіў толькі сёстрам Талмачовым з Расіі.
Яшчэ праз год хлопец выйграў гран-пры Славянскага базару, выпусціў альбом... і пасля гэтага на беларускай эстрадзе больш не з'яўляўся. Хоць у 2016 годзе Кунец і скончыў Універсітэт культуры, і па размеркаванні трапіў у Беларускі маладзёжны тэатр эстрады.
Андрэй малаактыўны ў сацсетках, у яго Instagram-акаўнце ўсяго некалькі падпісчыкаў. Там ён публікуе свае асабістыя здымкі і фатаграфіі са сцэны тэатра.
Юрый Дземідовіч. Дырыжор, чытае "РИА Новости"
"Чароўны трусік" усяе Беларусі Юрый Дземідовіч удзельнічаў у дзіцячым Еўрабачанні ў 2009 годзе, але асаблівага поспеху не дасягнуў: заняў толькі 9 месца з 13 удзельнікаў. Затое вельмі добра запомніўся песняй з "сатанінскім" рэфрэнам: "Эціс, аціс, анімаціс, эціс, аціс, амаціс".
Ужо ў 2010 годзе хлопца так дапяклі шумам і рэакцыяй на песню, што ён адмовіўся ад "Чароўнага трусіка" і заявіў, што больш ніколі не будзе яго спяваць.
Пасля школы Дземідовіч пераключыўся з эстрады на класічную музыку і паступіў у дзяржаўную кансерваторыю імя Чайкоўскага ў Маскве. У цяперашні час дырыжыруе ў маскоўскім Марыінскім тэатры.
У сацыяльных сетках выкладае пасты з гастроляў і падарожжаў. Жыве ў Маскве, час ад часу з'яўляецца ў Мінску.
Ва "Укантакце" ў Дземідовіча на першым месцы ў падпісках стаіць прапагандысцкі рэсурс "РИА Новости". Таксама беларус падпісаны на экс-прэзідэнта Расіі Дзмітрыя Мядзведзева. Цікавіцца футболам, заўзее за "Барселону".
Лідзія Заблоцкая. Шосты год на "БТ"
На дзіцячым Еўрабачанні-2011 у Ерэване 11-гадовая магіляўчанка набрала 99 балаў, але прапусціла наперад прадстаўнікоў Нідэрландаў і Грузіі, заняўшы трэцяе месца.
З дзяцінства Заблоцкая ўдзельнічала ў рэспубліканскіх і міжнародных музычных конкурсах, часта займала прызавыя месцы. Але сваё жыццё дзяўчына звязала з журналістыкай і ў 2015-м паступіла на журфак БДУ. Пасля вучобы трапіла ў Белтэлерадыёкампанію, дзе шосты год працуе ў аддзеле культуры. Здымала сюжэты са "Славянскага базару", была рэпарцёрам закулісся ў беларускім "X-фактары".
У сацсетках публікуе фатаграфіі з працы, падарожжаў і здымкі са сваім маладым чалавекам, які, дарэчы, таксама працуе на БТ.
Ілля Волкаў. Трэнер па бальных танцах
Яшчэ адно трэцяе месца Беларусі на конкурсе ў Кіеве ў 2013 годзе заняў Ілля Волкаў. У фінале ён набраў 108 балаў і саступіў выканаўцам з Украіны і Мальты.
У дзяцінстве Волкаў больш захапляўся не вакалам, а бальнымі танцамі. У 16 гадоў ён ужо быў двухразовым чэмпіёнам свету і майстрам спорту.
Менавіта з танцамі Ілля і звязаў сваё жыццё. Зараз ён жыве ў Мінску, працуе выкладчыкам бальных танцаў і вядучым мерапрыемстваў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.