Лукашэнка і мітрапаліт Павел абмеркавалі будаўнічыя справы
Аляксандр Лукашэнка і мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел абмеркавалі пытанне ўзвядзення новага комплексу будынкаў для Беларускай праваслаўнай царквы. Месцам будаўніцтва плануецца тэрыторыя, прылеглая да цяперашняга будынка Мінскай епархіі (вуліца Вызвалення, 10, гэта Стары горад, каля вуліцы Ракаўская).
Кіраўнік дзяржавы ў цэлым пагадзіўся з ініцыятывай будаўніцтва, "калі ўзнікла такая неабходнасць". Як інфармуе БЕЛТА, пры гэтым Лукашэнка адзначыў, што "праект павінен быць вытрыманы належным чынам і адпавядаць свайму прызначэнню". Плануецца, што для рэалізацыі праекта створаць Царкоўны апякунскі савет.
Таксама на сустрэчы Лукашэнкі і мітрапаліта Паўла размова ішла пра пытанні, якія тычацца ўзаемадзеяння дзяржавы і Беларускай праваслаўнай царквы. "Ёсць яшчэ шэраг праблем, якія я гатовы абмеркаваць. Давайце падумаем аб тым, у якім кірунку будзем дзейнічаць", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Падчас размовы абмяркоўвалася пытанне планаванай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з чальцамі сінода БПЦ.