Лукашэнка патрабуе ад сілавікоў звярнуць увагу на тых, "хто не працуе"
На думку Лукашэнкі, той, хто не працуе, — дакладна злачынца / ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Аляксандр Лукашэнка заклікаў сілавікоў "сур'ёзна паставіцца" да тых беларусаў, якія сёння не працуюць. "Гэта дакладна злачынца, нічога не трэба даказваць: калі ён сёння не працуе, дзе ён бярэ на жыццё? Ясна дзе", — заявіў ён на нарадзе з сілавым блокам. Лукашэнка таксама застаўся незадаволены колькасцю злачынстваў, звязаных з махлярствам. Паводле яго слоў, колькасць пацярпелых ад махляроў павялічылася ў два разы.
"Амаль у пяць разоў узрасла колькасць пенсіянераў, пацярпелых ад так званых тэлефонных махляроў", — расказаў Лукашэнка. Ён таксама пацікавіўся, "якія захады плануе зрабіць наша міліцыя сумесна з іншымі дзяржаўнымі органамі ў гэтым кірунку". Пенсіянераў, з яго слоў, трэба абараніць.
Яшчэ Лукашэнка прызнаўся, што яго насцярожваюць факты злачынстваў сярод вайскоўцаў. Фігурантамі спраў робяцца афіцэры розных сілавых структур. "У цэлым у нас не ўсё гладка наогул з вайсковай дысцыплінай. Мы выдатна бачым і разумеем усё, што адбываецца на рубяжах нашай краіны. Пытанне: ці ў поўнай меры мы забяспечваем бяспеку нашай дзяржавы і грамадзян?" — задаў Лукашэнка пытанне ўдзельнікам нарады і сказаў, што чакае канкрэтных прапаноў па навядзенні парадку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.