Лукашэнка прызначыў дырэктара МАЗа, рэктара БДЭУ, двух намміністра архітэктуры
16 траўня Аляксандр Лукашэнка разгледзеў кадравыя пытанні, паведамляе яго прэс-служба.
Ён прызначыў Аляксандра Кільчэўскага намеснікам старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук, Андрэя Іванцова — галоўным вучоным сакратаром НАН Беларусі, Ігара Фісенку — Надзвычайным і Паўнамоцным Амбасадарам Беларусі ў Княстве Манака і Партугальскай Рэспубліцы па сумяшчальніцтве.
Таксама кіраўнік дзяржавы даў згоду на прызначэнне шэрагу чыноўнікаў. Сярод іншых Таццяна Лугіна была прызначаная старшынёй Беларускага дзяржаўнага канцэрна па вытворчасці і рэалізацыі тавараў лёгкай прамысловасці (Беллегпраму), Аляксей Кушнарэнка — гендырэктарам дзяржаўнага вытворчага аб'яднання па паліву і газіфікацыі "Белпалівагаз", Валерый Іванковіч — гендырэктарам ААТ "Мінскі аўтамабільны завод", Рыгор Іванькоў — гендырэктарам ААТ "Кіруючая кампанія холдынгу "Лідсельмаш".
Два прызначэнні звязаныя з адукацыяй: Вячаслаў Шуцілін стаў рэктарам Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, Віталь Веліканаў — рэктарам Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Адразу двух намеснікаў атрымаў міністр архітэктуры і будаўніцтва: Ігар Касцюкоў стаў першым намеснікам, а Аляксей Ананіч — проста намеснікам.