Лукашэнка расказаў, як Кітай дапамог узмацніць абараназдольнасць Беларусі
Кітай адыграў вырашальную ролю ва ўзмацненні абараназдольнасці Беларусі. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 6 красавіка на сустрэчы з чальцом Цэнтральнага ваеннага савета, чальцом Дзяржсавета, міністрам абароны Кітайскай Народнай Рэспублікі Вэем Фэнхэ.
"Вы дапамаглі нам стварыць самыя сучасныя касмічныя падраздзяленні, адправіць на арбіту самы сучасны спадарожнік. Мы з вамі стварылі ў Беларусі самы сучасны цэнтр кіравання палётамі. Вы дапамаглі нам стварыць самае сучаснае ракетнае ўзбраенне для беларускага войска. На падставе гэтага, я думаю, мы стварылі больш сучасныя ўзоры ракетнага ўзбраення, якія зацікавяць ўжо і ваша войска. Я ўдзячны вам за тую бязвыплатную дапамогу, якую вы аказваеце нашаму войску", — прыводзіць БЕЛТА словы беларускага кіраўніка.
Таксама ён згадаў, што Кітай падтрымаў Беларусь, калі Захад увёў санкцыі супраць кіраўніцтва нашай дзяржавы. Лукашэнка паабяцаў доўга памятаць гэта.
Беларускі кіраўнік папрасіў яшчэ раз асабіста перадаць Старшыні КНР Сі Цзіньпіну самыя добрыя віншаванні і пажаданні. Лукашэнка таксама павіншаваў Вэя Фэнхэ з прызначэннем на высокую пасаду не толькі ва ўрадзе Кітая, але і з тым, што ён стаў на чале адной з наймагутных армій свету.
На працягу з 2013-га па 2017 год кіраўніцтва Мінабароны Беларусі сем разоў наведвала Кітай і 11 раз дэлегацыі з кіраўніцтва кітайскага войска прыязджалі ў Беларусь. Адбываюцца планавыя сумесныя трэніроўкі падраздзяленняў сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Беларусі і падраздзяленняў паветрана-дэсантных войскаў Кітая. Дзве трэніроўкі прайшлі ў Беларусі, адна — на тэрыторыі КНР.
З 2000 года 277 кітайскіх вайскоўцаў атрымалі дыпломы Ваеннай акадэміі Беларусі. У кітайскіх вайсковых навучальных установах прайшлі бясплатнае навучанне 77 беларускіх вайскоўцаў.
Таксама Кітай неаднаразова выдаваў Беларусі бязвыплатную ваенную дапамогу. Напрыклад, у кастрычніку 2017 года было падпісана пагадненне аб выдачы такой дапамогі на суму 4,5 мільёнаў долараў. Цяпер узгадняецца пералік маёмасці, якая будзе пастаўляцца.