"Я ўсё жыццё прастаяў на каньках": Лукашэнка схадзіў на фігурнае катанне
Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў гала-паказ чэмпіянату Еўропы па фігурным катанні, які праходзіць на пляцоўцы “Мінск-Арэна”.
Паводле прэс-службы кіраўніка дзяржавы, Лукашэнка назіраў за паказальнымі выступамі спартсменаў — пераможцаў і прызёраў чэмпіянату. Беларусь як краіна-арганізатар прадставіла тут чатыры нумары.
"Калі выходзіў на лёд, падумаў пра мужнасць. Я ўсё жыццё прастаяў на каньках і цяпер, апынуўшыся без усялякай абароны, адчуў нейкі страх. А як фігурысты, выходзячы распранутымі, напаўаголенымі, скачуць, круцяцца і выпісваюць фігуры? Ды яны больш мужныя людзі, чым хакеісты", — сказаў Лукашэнка, зачыняючы чэмпіянат.
З 22 па 26 студзеня ў Мінску былі разыграныя чатыры камплекты ўзнагарод чэмпіянату Еўропы па фігурным катанні. Адзіночныя спаборніцтвы ў мужчын выйграў іспанец Хаўер Фернандэс, у жанчын — расіянка Соф'я Самадурава. Сярод пар не было роўных французскаму дуэту Ванэса Джэймс / Морган Сіпрэ, а ў танцах на лёдзе перамаглі іх суайчыннікі Габрыэла Пападакіс і Гіём Сізерон.