Лукашэнка сустракаўся з кіраўніком БПЦ і згадаў пра Кандрусевіча

Лукашэнка сустракаўся з кіраўніком БПЦ і згадаў пра Кандрусевіча

2 лістапада Аляксандр Лукашэнка сустрэўся ў кіраўніком Беларускай Праваслаўнай Царквы, мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Веніямінам. Гаворка ішла пра "міжканфесійны мір у Беларусі". Як паведамляе БЕЛТА, на сустрэчы прысутнічала старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава.

"Мы вельмі цэнім той канфесійны мір, які нам удалося сфармаваць за чвэрць стагоддзя, — гаварыў Лукашэнка. — Можа, занадта нясціпла, але я ганаруся гэтым, што гэта адбылося ў гады, калі мне давялося служыць нашай Айчыне. Я гэта вельмі цаню, і гэта глыбока асабістае".

Таксама падчас сустрэчы Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Вы павінны разумець, што міжканфесійны мір, які ў нас склаўся, мы нікому не аддамо".

Невядома, ці ішла падчас сустрэчы гаворка пра ўдзел некаторых праваслаўных святароў у акцыях пратэсту і іх арышт. Пра кіраўніка Каталіцкага Касцёла ў Беларусі мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, якога з лета не пускаюць у Беларусь, дакладна размаўлялі. Лукашэнка зноў заявіў, што ён ездзіў у Польшчу, дзе "атрымаў кансультацыі, як разбурыць краіну". А гэта нікому не дазволена, заявіў кіраўнік дзяржавы і сказаў: "Я хачу, каб вы, уладыка, разумелі маю пазіцыю".

"Калі хоць адна арганізацыя ў Беларусі, грамадская ці рэлігійная, будзе накіравана на разбурэнне дзяржавы, я, вядома, буду вымушаны на гэта рэагаваць", — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Улады Беларусі збіраюцца настойваць перад Ватыканам, што ў нашай краіне трэба "больш інтэнсіўна рыхтаваць сваіх каталіцкіх святароў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі