Лукашэнка: законы ў нас супердэмакратычныя, няма ніякай дыктатуры
12 сакавіка адбылося пасяджэнне Савета бяспекі Беларусі з удзелам кіраўніка дзяржавы. Яно было прысвечана новай канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі. Лукашэнка заклікаў адказваць распаўсюднікам фэйкаў іх жа зброяй. Таксама ён заявіў, што ў нашай краіне няма дыктатуры, а беларускія законы назваў "супердэмакратычнымі".
"Патрабуецца прапрацаваць пытанне сістэмнага кантроля за распаўсюджваннем незаконнай інфармацыі, — такія словы кіраўніка дзяржавы прагучалі ў эфіры тэлеканала АНТ. — Пакуль гэта робіцца ад выпадку да выпадку. Яшчэ раз хачу падкрэсліць, справа не ў тым, каб камусьці абмежаваць свабоду меркаванняў. Гэта не са мной. Павінен быць парадак, натуральна. Усё павінна быць законна. Законы ў нас супердэмакратычныя. Павінен быць парадак, але ніхто нікому не павінен завязваць рот. Ды гэта і немагчыма. І не толькі таму, што ў нас інтэрнэт з'явіўся, змянілася грамадства, планета змянілася. Таму займацца пустэчай не трэба, не трэба забараняць людзям выказваць сваё меркаванне".
Прэс-служба Лукашэнкі прыводзіць і такія яго словы пра "супердэмакратыю": "Дадаць нашу бяздзейнасць і недысцыплінаванасць, то ў нас увогуле ніякай дыктатуры, а поўная дэмакратыя, якой ні ў адной краіне свету няма".
Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў прысутных на Савеце бяспекі, што калі ў краіне абмежаваць свабоду выказванняў, народ зноў пачне абмяркоўваць надзённыя праблемы на кухнях, а пасля, "рана ці позна гэта выплюхнецца на вуліцу".