Лукашэнка: Занадта ўжо шыкоўна паводзяць сябе энергетыкі
Аляксандр Лукашэнка заявіў пра недапушчальнасць памылак у падліку тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі. Заява прагучала 14 сакавіка на нарадзе па аплаце жыллёва-камунальных паслуг.
"Хачу публічна папярэдзіць тых спецыялістаў, якія лічылі. Крый божа, вы няўважліва да гэтага майго даручэння паставіліся, і потым выявіцца, што вы прапанавалі мне нерэальныя цэны на зацвярджэнне. Вось тады ўжо прабачэння не будзе", — перадае БЕЛТА пагрозы кіраўніка дзяржавы.
Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі недатыкальных няма і кожны павінен адказваць за сваё. "Хацеў бы пачуць, як выканана даручэнне па пакаранні тых, хто займаўся прыпіскамі, хто хімічыў на гэтым, хто крыўдзіў людзей і краў грошы з бюджэту такім чынам. Я даручаў распачаць крымінальныя справы і пакараць", — нагадаў кіраўнік Беларусі.
Таксама ён паведаміў, што ў будучыні будзе разглядацца фармаванне коштаў на паслугі па электраэнергіі. "Занадта ўжо шыкоўна энергетыкі сябе паводзяць, жывуць, а ўсё гэта ідзе ў затраты, а потым кладзецца на прамысловасць і на людзей", — канстатаваў Лукашэнка.