Лукашэнка заяўляе, што ў Беларусі ніколі не будуць эканоміць на дзецях і маці

Лукашэнка заяўляе, што ў Беларусі ніколі не будуць эканоміць на дзецях і маці

Як бы ні было складана, у Беларусі не будуць эканоміць на дзецях і маці. У гэтым запэўніў Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання радзільні 5-й клінічнай лякарні Мінска. Кіраўнік краіны заявіў, што калі спатрэбіцца, у Беларусі будуць скарачаць фінансаванне дзяржаўных праграм. “А вось на дзяцей і тых, хто нараджае, мы грошай шкадаваць не павінны. Для іх усё павінна быць”, — сказаў Лукашэнка.

Як перадае БЕЛТА, па  выніках 2015 года ў Беларусі ўпершыню ўзровень нараджальнасці зраўняўся з узроўнем смяротнасці. За 10 гадоў смяротнасць немаўлят знізілася ў 2,5 разы і па гэтым паказніку Беларусь зраўнялася з развітымі краінамі. За гэты год не было ніводнага выпадку мацярынскіх смерцяў, а за пяцігодку быў толькі адзін выпадак. Лукашэнка распарадзіўся ўхваліць спецыялістаў, якія паспрыялі такім дасягненням.

Кіраўнік Беларусі азнаёміўся з аснашчэннем радзільні. Яе структура будзе ўключаць 11 падраздзяленняў, у тым ліку гінекалагічныя аддзяленні для экстранай дапамогі. У новым корпусе штодня будуць атрымліваць лекаванне каля 300 жанчын і з яго адкрыццём колькасць родаў у гэтай медычнай установе павялічыцца з 3 тысяч да 5,5 тысячы на год.

Фота: БЕЛТА

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі