Лукашэнка заявіў пра разгортванне рэгіянальнай групоўкі войскаў РФ і Беларусі

Аляксандр Лукашэнка / president.gov.by
Аляксандр Лукашэнка / president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што на заходніх межах "Саюзнай дзяржавы" разгортваецца рэгіянальная групоўка войскаў Беларусі і Расійскай Федэрацыі. Пра гэта ён нібыта дамовіўся з Уладзімірам Пуціным падчас апошняй сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу.

"У сувязі з абвастрэннем на заходніх межах Саюзнай дзяржавы мы дамовіліся аб разгортванні рэгіянальнай групоўкі Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь. Гэта ўсё па нашых дакументах. Калі ўзровень пагрозы дасягае цяперашняга ўзроўню, як цяпер, мы пачынаем задзейнічаць групоўку Саюзнай дзяржавы. Аснова (я заўсёды пра гэта казаў) гэтай групоўкі — войска, Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь", — перадае прэс-служба Лукашэнкі ягоныя словы на нарадзе з сілавікамі.

Ён заявіў, што фармаванне гэтай групоўкі ідзе ўжо два дні.

Гаворка ідзе пра высокую ступень гатовасці кантынгентаў АДКБ, якія размяшчаюцца на тэрыторыях Беларусі і Расіі. Згодна з дакументамі яны створаныя для таго, каб адбівацца ад агрэсіі. Што азначае ў гэтым кантэксце слова "задзейнічаць" — не ясна.

Лукашэнка паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе не адна тысяча расійскіх вайскоўцаў, перадае БЕЛТА. "І будзьце гатовыя ў бліжэйшы час прыняць гэтых людзей і размясціць там, дзе трэба, паводле нашага плана. Без перабору, без нагнятання сітуацыі і абстаноўкі", — даручыў ён міністру абароны.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі