Лукашэнку не падабаецца збор грошай на аднаўленне касцёла ў Будславе
Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў збор грошай сярод людзей на рамонт Будслаўскага касцёла. Ён чамусьці вырашыў, што грошы пералічваюцца ў Польшчу. Таму ён прапанаваў адкрыць рахунак для збору грошай.
"Але гэтыя ж "неверагодныя" зноў кажуць: грошы збярэм. Ветэранам ужо "сабралі". Не ведаю толькі, дзе грошы. І тут кажуць: збярэм. Нічога яны не збяруць. Яны проста абвесцяць людзям, у людзей забяруць грошы і падзеляць у Польшчы. Таму калі хто-небудзь хоча аднавіць гэты храм, трэба адкрыць ім там (хай яны адкрыюць рахунак), і хай людзі ім перадаюць грошы, а не ў Польшчу. Кожны чалавек, колькі зможа, калі захоча, туды перадасць грошы", — перадае БЕЛТА словы Лукашэнкі.
Між тым грошы на рамонт Будслаўскага храма збірае сам касцёл. Дарэчы, сярод ахвяравальнікаў ёсць наватнабліжаны да Лукашэнкі алігарх Аляксандр Машэнскі: дзве яго кампаніі разам ахвяравалі 100 тысяч рублёў.
Пажар у Будслаўскім касцёле здарыўся 11 траўня. У выніку яго згарэў дах будынка. Вернікі паспелі вынесці ўсю рухомую маёмасць. Ад агню ўдалося ўратаваць унікальны алтар і арган сабора.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.