Лукашыст Талай прызнаўся Пуціну, што ён — рускі
Уладзімір Пуцін уручыў Аляксею Талаю ордэн
Уладзімір Пуцін уручыў у Крамлі вышэйшыя дзяржаўныя ўзнагароды Расіі. На цырымонію быў запрошаны грамадзянін Беларусі, лукашыст, фігурант санкцыйных спісаў Аляксей Талай. Ён атрымаў ад Пуціна ордэн Дружбы.
Прамову Талая цытуе Андрэй Калеснікаў у "Коммерсанте". Ён гаварыў пра "ўзброены дзяржаўны пераварот" ва Украіне ў 2014-м, пра свае паездкі на Данбас, пра так званую "Наваросію", якая кудысьці павінна "вярнуцца".
"Мы вас не падвядзем! — абяцаў лукашыст расійскаму дыктатару. — Мы ганарымся, што вы з нашым лідарам Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам так па-братэрску трымаеце строй!.. Мы — рускія! З намі Бог!".
Фонд Талая прывозіць у Беларусь дзяцей з самаабвешчаных "ЛНР" і "ДНР". За ўдзел у вывазе дзяцей з акупаваных украінскіх тэрыторый ва Украіне і ЕС Аляксей Талай трапіў у санкцыйныя спісы. Ва Украіне на яго пачалі крымінальную справу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.