Магіляўчанка пакінула нованароджаную дачку на брыльку пад'езда
Нованароджаную дзяўчынку пакінулі на брыльку пад'езда / калаж Еўрарадыё з відэа СК
У Магілёве на брыльку пад'езда шматкватэрнага дома па вуліцы Габраўскай знайшлі нованароджаную дзяўчынку, паведамляе Следчы камітэт.
Дзіцячы крык пачула жыхарка дома, якая выйшла на гаўбец пакурыць. Яна пабачыла нованароджанае дзіця ў пакеце і выклікала міліцыю. Дзяўчынку з пераахаладжэннем даставілі ў лякарню, дзе ёй аказалі кваліфікаваную дапамогу. Цяпер дзіця знаходзіцца пад наглядам лекараў.
Выявілася, што 34-гадовая магіляўчанка нарадзіла дачку, загарнула яе ў ручнік, паклала ў пакет і выставіла на брылёк. У жанчыны ёсць яшчэ трое дзяцей — 1, 2 і 9 гадоў.
Следчы камітэт пачаў крымінальную справу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.