Магілёўцы дамагліся будаўніцтва дадатковых парковак у сваіх дварах
Дзеля гэтага жыхарам вуліцы 30 год Перамогі спатрэбілася сабраць 177 подпісаў.
У адказе, які атрымалі жыхары ад магілёўскіх чыноўнікаў, гаворыцца, што будаўніцтва дадатковых парковачных месцаў, а таксама стварэнне бесперашкоднага асяроддзя запланавана на 2014 год. Акрамя таго, камунальнікі прывялі ў парадак ліўнёўку, куды сцякаюць дажджавыя воды.
Жыхары дамоў 22а, 22б, 22в і 24а па вуліцы 30 год Перамогі такім рашэннем задаволеныя. Цяпер на чатыры іх дамы ёсць толькі 34 парковачныя месцы, якіх хапае далёка не ўсім.
Варта адзначыць, што дапамагалі жыхарам вуліцы ў зборы подпісаў актывісты магілёўскага цэнтра “Імпульс”, які займаецца вырашэннем пытанняў па добраўпарадкаванні двароў.