Макс Корж зладзіў урок "кайфу" для 13 тысяч гледачоў "Мінск-Арэны" (фота)
З дапамогай фэнаў Еўрарадыё разбіралася, у чым феномен Макса Каржа (абноўлена).
18.30. Прыпынак ля Ратушы. Каманда Еўрарадыё з цяжкасцю, але ўсё ж трапляе ў “забітую пад завязку” “адзінку”. Уліваемся ў шэрагі фэнаў Макса Каржа, які, першы з беларусаў, збірае 13 тысяч гледачоў у “Мінск-Арэне”.
“Так, мы яго любім. За яго творчасць! Так, творчасць, яго песні, ён увогуле выдатны сам! — перабіваюць адна адну сяброўкі 15-гадовая Яна і 13-гадовая Дыяна. Дзяўчаты прыехалі на канцэрт ажно з Івацэвічаў. — Яго песні пра жыццё. Самая любімая — “Матылёк”. Але ўсе любімыя”.
Пасля бадзёрага разагрэву ад Андрэя Бонда і Арцёма Рыбакіна, пад гучны покліч “Макс Корж”, на сцэне з’яўляецца сам музыка.
“Ну, неяк так атрымалася, вось ужо другі альбом. Неяк атрымалася, што не толькі ў Мінску і ў Беларусі сталі вядомыя, — нібыта апраўдваецца Макс, звяртаючыся да публікі. — Нас пачалі слухаць людзі ад Калінінграда да Уладзівастока. Некаму падабаецца, некаму не. Але скажу, што калі мы выступаем тут, гэта заўсёды асаблівы канцэрт. Таму што гэтая музыка, гэтыя тэксты, нарадзіліся тут, на гэтай вуліцы, у гэтых тралейбусах, у гэтых навушніках. Я дагэтуль жыву ў Мінску. Але хачу сказаць адно: лепш, чым тут, гэтую музыку не зразумеюць нідзе. Гэта дакладна”.
Песні Каржа спяваюць хорам усе 13 тысяч наведвальнікаў “Мінск-Арэны”. Прычым, не важна, хіты гэта, ці свяжак з альбом “Жить в кайф”, які выйшаў некалькі тыдняў таму. І не важна, колькі табе — 12 ці 35 — падчас танцавальных “узлётак” робішся часткай вялізнай хвалі, якая накрывае “Арэну”.
“Па-першае, гэта модная танцавальная музыка, гэта тое, што падабаецца моладзі, — выводзіць формулу папулярнасці Макса Каржа рэпер SP Kava, адзіны музыка, якога мы сустрэлі на канцэрце. — Па-другое, песні простыя і шчырыя. Ён не файны музыка, ён не файны спявак. Ён захапляе менавіта як асоба, як артыст. Яго разынка — менавіта ў персанажы. Я б не пабаяўся, напэўна, сказаць, што ён голас пакалення. Менавіта малодшага пакалення, нават не свайго”.
SP Kava
На сцэне побач з Максам — напарнік Аляксей Лазько, які, дарэчы, акурат святкуе свой Дзень нараджэння, дыджэй і гітарыст. Вакол — святло і абсталяванне, якое дазваляе канцэрту называцца грандыёзным. Макс прызнаецца, што рашыцца на “Мінск-Арэну” было сапраўднай рызыкай, што было стромна выйсці да 13 тысяч, што ён рыхтаваўся, думаў, што б распавесці публіцы такое пафаснае. А ў выніку кажа: “Дзякуй Вам”.
"Макс — адзін з нешматлікіх беларусаў, які прабіўся, які стварае насамрэч якасную музыку, якая бярэ за душу. Вось і ўсё", — кажа прыхільнік творчасці Каржа. І з ім цяжка не пагадзіцца.
Перад намі — беспрэцэдэнтны выпадак: сабраць “Мінск-Арэну” да Каржа не спакушаўся ніводны беларускі музыка. А, падавалася б, звычайнаму хлопцу з Лунінца гэта апынулася пад сілу. Феномен Каржа — у яго шчырасці. Вось ён: просты хлопец з раёна. Учора разам сядзелі ў двары, а сёння са сцэны “Арэны” ён спявае пра тое, што актуальна для сённяшняй моладзі — тыя ж простыя словы пра простыя рэчы: каханне, здраду, жыццё ў кайф, прыгожае жыццё, лёгкасць і свабоду. Макс — адзіны на сёння, хто інтуітыўна разумее моладзь, і чыя творчасць інтэграваная ў культуру, з якой мы ніяк не можам пагадзіцца. Культуру без Міхалка, Вольскага, Вайцюшкевіча і N.R.M.