Максімкаў і Бонд: Naviband мусілі вярнуцца, развесціся і яшчэ раз ажаніцца
Беларуская мова на “Еўрабачанні”, гісторыя Naviband, перамога партугальца, сціплыя ацэнкі суседзяў ― перамываем косці конкурсу і падводзім яго вынікі разам з тэлепрадзюсарам Уладзімірам Максімкавым і шоўвумэн Ганнай Бонд.
Еўрарадыё: 17-е месца Naviband на “Еўрабачанні” ― гэта перамога ці правал?
Уладзімір Максімкаў: Гэта прыкладна наша месца на гэтым конкурсе. Нічога незвычайнага, але і правалам гэта не назавеш. Гэтую пляцоўку трэба выкарыстоўваць не для заваявання месца, а для таго, каб шумець.
Ганна Бонд: Так, Naviband ― не героі "Еўрабачання", у нас аналагічныя вынікі ўжо былі. Яны паказалі някепскі вынік, бо песня была на беларускай мове. А ўсё ж трэба разумець, што конкурс англамоўны, і ёсць правілы гульні: калі людзі хочуць перамагаць, дык трэба гуляць па гэтых правілах.
Еўрарадыё: Але сёлетні пераможца, Салвадор Сабрал, акурат спяваў на сваёй, партугальскай мове.
Ганна Бонд: Значыць, у яго атрымалася лепш данесці сваю песню. Naviband ― цудроўная, лёгкая, маладая каманда, якая патрапіла на “Еўрабачанне”. А Белтэлерадыёкампанія задаволіла патрэбу масы людзей, якія хацелі, каб на конкурсе прагучала беларуская мова. Думаю, гештальт закрыты.
Уладзімір Максімкаў: Я б не надаваў вялікае значэнне мове, на якой выконваецца песня. Мы так хваравіта гэта ўспрымаем, бо ў сілу палітычных і гістарычных прычын тэма выклікае ў грамадстве такі раздрай. Але гэта пройдзе. Гэта хвароба росту. Нідзе ні ў якіх краінах ніхто не звяртае ўвагу на мову песні. На якой хочаш, на такой і спяваеш. Тое, што цяпер Naviband паехалі і спелі па-беларуску ― перадусім у гэтым карысць для ўсіх нас. Свету абыякава. Для света гэта інфармацыйная нагода, маўляў, едуць беларусы і ўпершыню спяваюць на роднай мове, ваў. І гэта ўспрынята станоўча.
Ганна Бонд: У нас нейкае кіно разгарнулі з гэтай беларускай мовай! Трэба было дваццаць гадоў таму пачынаць на ёй размаўляць.
Уладзімір Максімкаў: Гэта нармальна. Да гэтага трэба было саспець. Калі б дваццаць гадоў таму нехта паехаў з беларускамоўнай песняй, гэта б не выклікала такога ажыятажу. Гэта маленькі крок для Naviband, але вялікі крок для краіны.
Еўрарадыё: Калі б гэтую ж песню Naviband спелі па-англійску, быў бы іншы вынік?
Уладзімір Максімкаў: Прыкладна такі ж, бо, паўтаруся, не мае значэння, на якой мове спяваюць на “Еўрабачанні”.
Еўрарадыё: Чаму б вы не галасавалі за Navi, калі б былі замежнікамі?
Ганна Бонд: Бо выігрывае шоў ― тое, што чапляе.
Уладзімір Максімкаў: Важна, каб гэта быў нумар, эмоцыя. Менавіта эмоцыя перамагае.
Ганна Бонд: Сёлета не было яркага персанажа кшталту Канчыты Вурст, якая прымусіла б заварушыцца ўвесь свет.
Уладзімір Максімкаў: Гэтую ролю сыграў партугалец. І гэта папрок спецыялістам, якія нібыта ўмеюць усё пралічваць. Штогод адбываецца падзея, не падобная на мінулы год. Гэта значыць, што ў наступным годзе "пралічвальнікі" пачнуць сачыняць саплівыя балады, а перамогуць “Лордзі”.
Ганна Бонд: А што, на твой погляд, у нас не пайшло?
Уладзімір Максімкаў: У нас нічога ніколі не ідзе.
Ганна Бонд: Ну, а Калдун?
Уладзімір Максімкаў: Калдун не ў нас пайшоў. Кіркораў памітусіўся. І вырашаў ён пры гэтым савае асабістыя шкурныя задачы ― хацеў увайсці ў гэты бізнес, і ён у яго ўвайшоў.
Ганна Бонд: А нельга паўтарыць?
Уладзімір Максімкаў: Не.
Ганна Бонд: Гэтая гістэрыя... Патрабаванні беларусаў выкананыя, беларускамоўныя з'ездзілі. Чаго цяпер яны хочуць?
Уладзімір Максімкаў: Яны хочуць перамогі. Але ў гэтым спаборніцтве не трэба ставіць задачу перамагаць. У ім артысту трэба паказацца самому і паказаць краіну.
Еўрарадыё: У такім выпадку, нашы справіліся.
Уладзімір Максімкаў: Не. Артысты толькі крыху сябе паказалі. Для прыкладу, вы ўсе бачылі, як Рыбак перайграў песню пераможцы? Рыбак, не едучы на “Еўрабачанне”, працягвае яго эксплуатаваць, атрымліваць дывідэнты як маральныя, так і матэрыяльныя. А нашы едуць, “Еўрабачанне” скончыцца, і яны знікаюць.
Еўрарадыё: Мне падаецца, гэта не выпадак Naviband. Яны ўвесь час на слыху. У іх будзе іншая гісторыя.
Уладзімір Максімкаў: Не будзе іншай гісторыі, бо ніхто пра яе не падумаў. Таму што, калі вы едзеце нешта заваёўваць, у вас мусіць быць прадуманая гісторыя за год да заваявання і пасля заваявання на пяць гадоў. Яе трэба прадумаць сістэмна. Мала аднаго пацалункуа, і мала адной мовы. Мала інфармацыйных падзей. Яны мусілі сюды вярнуцца, заспяваць дуэтам з іспанцам, італьянцам і гэтак далей, развесціся, яшчэ раз пажаніцца.
Ганна Бонд: У іх жа вобраз нескандальны! Яны як два галубкі, яны нясуць пазітыў.
Уладзімір Максімкаў: Развесціся можна і па-чалавечы. І ўся краіна будзе жаваць соплі і рыдаць над гэтай гісторыяй. І атрымліваецца, Белтэлерадыёкампаніяй патрачаныя немалыя грошы. Падрыхтоўка, паездка, нумар... Яны ездзілі, мелі эфіры, глядзела на іх больш за 200 мільёнаў чалавек. А ў выніку на што гэтыя грошы патрацілі ― на два выступы і некалькі інтэрв'ю! Выхлап упустую! Піяр-кампанія і кампанія прасоўвання Naviband не проста не прадуманая, яе не было ўвогуле. І так адбываецца штогод. Ведаеце, што сказаў выканаўчы прадзюсар “Еўрабачання” на прэс-канферэнцыі? Ён паведаміў, што падрыхтоўка да “Еўрабачання-2018” пачынаецца на наступны дзень пасля яго заканчэння, у панядзелак. Яны ўжо пачалі рыхтаваць наступнае “Еўрабачанне”! А мы калі пачнем? У лепшым выпадку ― у снежні. І гаворка ідзе не толькі пра падрыхтоўку, але і пра інфармацыйныя нагоды, пра прасоўванне, пра тое, каб у свет пачынаць што-небудзь укідваць ужо.
Ганна Бонд: За піяр-кампанію з дзесяці колькі балаў ты паставіш Naviband?
Уладзімір Максімкаў: Унутры краіны ацаню на сем, а на знешнім рынку ― прыкладна на два. Ну вось возьмем Салвадора Сабрла, і вы не напружваючыся назавеце некалькі фактаў і падзей, якія вакол яго адбыліся, праўда? А цяпер нават у параўнанне ― за Navi вы сачылі. Скажыце мне пра іх што-небудзь ― пацалунак і беларуская мова. Два. Усё! Гэта свае, за якімі вы адмыслова сочыце. А для света гэта што? Таму ўвага, Белтэлерадыёкампанія! Прапаную пачаць рыхтавацца да наступнага “Еўрабачання” ну хаця б у наступны панядзелак.
Еўрарадыё: У сацсетках шмат крыўдаў на суседзяў, якія нібыта сціпла ацанілі беларусаў…
Уладзімір Максімкаў: Маеце на ўвазе Літву? А вы лічыце, што калі мы ездзім у Літву закупацца, то гэта нейкія суседскія адносіны? А тое, што мы атамную станцыю будуем, і Літва вельмі абураная, гэта ніхто не ўспомніў? Самі ж мы таксама паставілі 12 балаў не Літве, а Расіі ― балгарыну з расійскім грамадзянствам. І гэта паказчык настрою грамадства: мы дагэтуль прылепленыя да Расіі, адарвацца не можам ― такая любоў. А Расія, вялікая і магутная, нас за падвор’е лічыць. Давайце будзем шчырымі ― чаму мы думаем, што Літва мусіць да нас неяк асабліва ставіцца?
Ганна Бонд: Але чаму ў нас такая істэрыя наконт “Еўрабачання”?
Уладзімір Максімкаў: Бо ў нас больш нічога няма.
Еўрарадыё: А “Славянскі базар”?
Уладзімір Максімкаў: Гэта кепская падзея. Але, ладна, у нас у краіне тры музычныя падзеі: “Славянскі базар”, “Еўрабачанне” і нейкую прэмію раздаюць. Усё. Са “Славянскага базара” можна было б зрабіць даволі папулярны конкурс.
Ганна Бонд: Так, але на сёння гэта нафталінавы конкурс.
Уладзімір Максімкаў: Можна зрабіць папулярны нафталінавы конкурс. Але пра “Славянскі базар” апроч як у час яго правядзення дзе-небудзь што небудзь гаворыцца? Трэба год гэта рабіць: “Браткі, у наступным годзе ў нас нафталінавы конкурс! Пофіг нам “Еўрабачанне” і вашы модныя тэндэнцыі, у нас нафталінавы конкурс! Усе да нас! І цэлы год паказваць удзельнікаў, рабіць з імі інтэрв’ю, тады на пачатку “Славянскага базара” глядацкая аўдыторыя будзе падрыхтаваная. А ўвогуле, на “Славянскім базары” трэба правесці форум беларусаў усяго свету. І калі заняцца гэтым вось цяпер, і загадзя пашукаць, звязацца з дыяспарамі ― яны за свой кошт прыедуць, настальгія ёсць, падтрымаць захочуць. І гэта будзе каласальная падзея, якая прыцягне ўвагу ўсёй Беларусі. Тады будзе пофіг на маладых выканўцаў і нафталін.І так трэба рабіць штогод, закладваць такую традыцыю. Дару ідэю!
Еўрарадыё: Ці адчувалася сёлета, што на “Еўрабачанні” не было Расіі?
Уладзімір Максімкаў: Я цудоўную песню ведаю на гэтую тэму: “Отряд не заметил потери бойца”.
Ганна Бонд: Калі Расія робіць шоў, мне падабаецца. Ды і непрыемна было глядзець на гэтую брудную гульню…
Уладзімір Максімкаў: Еўропа не заўважыла, што не было Расіі. Думаю, нават з аблягчэннем уздыхнула, што не прыехала гэтая цяжкаважнасць, з крыкамі: “Тагіл” і з гэтым пастаянным “нас засудзілі”.
Еўрарадыё: Каго ў наступным годзе нам трэба даслаць на “Еўрабачанне”?
Уладзімір Максімкаў: Саладуху!
Ганна Бонд: Ой, не! Свят-свят-свят. Ну я цябе прашу.
Уладзімір Максімкаў: Па дзвюх прычынах. Ён шчыра верыць, што ён зорка, а ўпэўненасць у сабе ― гэта важна. Другое: яму можна прыдумаць добрую піяр-кампанію, і ён на ўсё пагодзіцца. Я цяпер кажу ў добрым сэнсе, бо ў яго хапае мазгоў разумець, што можна быць смешным і бегаць у ружовых касцюмчыках, калі трэба. І яшчэ вельмі важны момант: усё-такі, як ні круціце, Navi у паўфінале баяліся, нерваваліся, у фінале былі больш упэўненыя, але ўсё адно нерваваліся, і адчувалася адсутнасць досведу вялікіх арэн і няўпэўненасць у сабе. А Саша ў гэтым сэнсе вялікі і шыкоўны. Яму пофіг любая арэна, і ён на любой арэне будзе казаць: “Дзе вашы ручкі?”.
Ганна Бонд: Чакай, якая цікавасць у Еўропы будзе да Саладухі?
Уладзімір Максімкаў: Такая ж, як і да Наві ― прыязджае такі ж невядомы артыст.