Новае пакаленне. Тры жыцці Міры
Ганна Міра Маркевіч / Таццяна Менская
Яны таленавітыя харызматыкі, яны ўжо мяняюць наша жыццё. Яны жывуць па сваіх правілах і ператвараюцца ў новых лідараў. Еўрарадыё і фатограф Таццяна Менская працягваюць праект "Лад жыцця. Новае пакаленне". Сёння наша гераіня — Ганна Міра Маркевіч, якая робіць тры кар'еры адначасова: у IT, у шоу-бізнесе і ў журналістыцы.
Гэтая дзяўчына падобная на гераіню анімацыі — высокая, яркая, з выразна акрэсленымі геаметрычнымі лініямі. Міра не баіцца мяняць працы і мяняцца. Пасля ўніверсітэта працавала псіхолагам у школе, пісала пра музыку, фрылансіла перакладамі, нечакана пайшла ў IT, але неўзабаве вярнулася ў шоу-бізнес. Два гады, як Ганна ўзначальвае motion capture студыю, а ў паралелльных жыццях менеджарыць гурт Nizkiz, арганізуе фестывалі і вядзе праграму Belsat Music Live.
Ох, як было цяжка — я ж абагаўляла музыкаў. Саромелася і баялася. Маё першае інтэрв'ю было з Ігарам Варашкевічам, лідарам "Крамы". Мы сядзелі ў яго на кухні і размаўлялі. Момантамі я забывала, дзе я і чаму прыйшла, — насупраць кумір!
Мяне адразу кінулі на найкруцейшых — Варашкевіча, Вольскага, Памідорава, IQ48... Увогуле, самы вялікі стрэс я атрымала адразу, а далей было не так і страшна.
У IT трэба было пачынаць з нуля. Шчыра, шмат разоў хацелася сысці, так доўга не складваўся пазл. Зусім іншая сфера, іншыя людзі, мне яны здаваліся замкнёна-сканцэнтраванымі і такімі, якія вельмі доўга раскрываюцца. Але самым цяжкім быў удар па самалюбстве. З маім перфекцыянізмам было цяжэй самой сабе, чым іншым, даказаць, што я і тут буду профі.
Па сутнасці, маёй першай працай у IT было стукацца ў 500 дзвярэй, але прадаваць не канцэрт, а праекты заказчыкам. Вось і ўся розніца. Калі я гэта адчула, кола закруцілася, стала лягчэй.
У IT я навучылася вітацца за руку, гэта была і мая ініцыятыва. І не таму, што Міра — мужык, а каб адчуваць сябе роўнай. У мяне шмат сяброў-мужчын, можа, нават больш, чым сябровак. Безумоўна, за час маёй працы на музычнай ніве ў мяне было сто магчымасцяў завесці раманы, але я ніколі не збіралася ператвараць працу ў паляванне. Для мяне важна адчуваць сябе прафесіяналам у працы і не блытаць асабістае і прафесійнае. Рэпутацыя — гэта ў тым ліку тое, што я стварала гадамі.
Студэнткай вазіла групы дзяцей на аздараўленне ў Італію. О, гэта была тая яшчэ дарога з трыма перасадкамі ў розных аэрапортах. Калі на табе 100 чалавек, памочнікаў — нуль, дзецям па 6-12 гадоў, трэба не згубіць іх у дарозе, арганізаваць, і ты спраўляешся — можна смела заяўляцца на пасаду турменеджара любога артыста. Гэта сапраўды прасцей!
Амаль усе выхадныя і вечары я займаюся музычнымі праектамі. Мяне не трэба прымушаць працаваць, мяне трэба прымушаць пайсці ў адпачынак. Тут і амбіцыі, і ўпартасць. Успамінаю свайго бацьку, які працаваў усе выхадныя. Мы прачыналіся — ён сыходзіў, мы засыналі — ён прыходзіў. Я тады думала — ніколі, ніколі не буду так працаваць. А цяпер разумею.
Гэтым летам мая машына часцей начавала ў аэрапорце, чым каля дома. За ўсё лета ў мяне быў адзін выхадны. Але калі я адчуваю, што трэба запаволіцца, — я гэта раблю. Жыць у рэжыме "пяць дзён на працы і два выхадныя" для мяне непрадукцыйна. Хтосьці сказаў: акулы паміраюць, калі перастаюць плыць. Мне здаецца, калі я спынюся, выпушчу нешта вельмі важнае, пачну пражываць не сваё жыццё.
Магчыма, у будучыні мой тэмп жыцця кардынальна зменіцца, але не цяпер. Хтосьці займаецца на выхадных дзецьмі або едзе на дачу, а я амаль увесь свой вольны час прысвячаю гурту Nizkiz. І каму якая справа, калі я ўсё паспяваю? Кожны мой дзень пачынаецца званком бацькам, а потым Nizkiz.
Проста магу зрабіць камплімент незнаёмай дзяўчыне, жанчыне ў кавярні, на вуліцы. Але ўва мне нейкая дваістасць — я расла пацанкай, у мяне амаль не было сябровак да старшых класаў школы. Я наогул не лічыла сябе прыгожай. Часта хаджу без грама касметыкі, яшчэ часцей бываю стомленай, змоклай на якім-небудзь беларускім опэн-эйры. А тата заўсёды хацеў бачыць ува мне дзяўчынку.
Жаноцкасць і сексуальнасць для мяне — гэта цукерка, а не абгортка. Калі абрэзала валасы ў карэ — палюбіла смелыя сукенкі, абцасы і чырвоную памаду, быццам я заўсёды была такой дзёрзкай!
Чым старэйшай раблюся, тым больш прымаю сябе такой, якая ёсць. Адыходзяць страхі і непатрэбная сарамлівасць. Ніколі мне не хацелася "памаладзець", вярнуцца ў мінулае. Але перфекцыяніст ува мне — назаўсёды. Не хачу прыйсці да такога моманту, калі буду ўсім задаволеная як расслабленая котка. Хачу, каб мне не пераставала хацецца.
Лёгкая на пад'ём — гэта мой пастаянны стан, калі я не працую. Калі мне патэлефануюць ноччу і скажуць, што праз чатыры гадзіны самалёт і гэта крутая паездка, канцэрт, проста прыгода, я ўзважу графік і, калі нікога не падводжу, ужо ні на хвіліну не буду задумвацца. У мяне ёсць заплечнік тыпу ALARM, у якім усё складзена ў мініяцюры: касметычка і набор абавязковых рэчаў. І ёсць сваё правіла — колькі дзён, столькі сукеначак :)
Я так любіла чытаць у дзяцінстве, што хацела стаць бібліятэкарам. Цяпер разумею маму, якая нават перажывала з-за гэтага. А тады я сябравала з мясцовымі бібліятэкарамі: расстаўляла кнігі па месцах, памеры, аўтарах, клеіла... А за гэта мне першай давалі чытаць новыя кнігі! Зараз у мяне вялікая бібліятэка дома. Ніколі не шкадую грошай на кнігі.
Ёсць дзве рэчы, якія мяне расчароўваюць у людзях: хлусня і нястрыманыя абяцанні. Я і сама нікому не буду абяцаць пунсовую кветачку. У маёй працы, як і ў жыцці або адносінах, гэта не пройдзе: хтосьці адзін падвёў — зламалася ўся машына. Калі б трэба было ахарактарызаваць сябе адным словам, я б сказала — гіперадказная.
Калі канцэнтруешся на задачы, заўсёды трэба мінімізаваць атмасферу напружання вакол. Пры любым форс-мажоры стараюся не панікаваць і не прыцягваць да апошняга іншых людзей. Як можна нешта вырашыць, перадаючы напружанне ці негатыў іншым? Аднойчы я была сведкай аварыі. Усе стаялі і баяліся падысці — вакол кроў. Я баязліўка, але аказалася, што там я баялася менш за ўсіх. Я стала рабіць самае простае, каб дапамагчы людзям. Нічога звыш — проста каб не стаяць гледачом.
Ці баюся я перагарэць з такім рытмам жыцця? Напэўна, нельга перагарэць, калі сам агонь... Я не чалавек канапы — адпачываю, пераключаючыся на іншую працу. Ну а калі зусім выдыхнулася — займаюся ў трэнажорнай зале. Для мяне спорт — энергія. Ніхто не кажа, што так жыць — гэта правільна. Але, прыслухоўваючыся да свайго арганізма, я разумею, што цяпер адчуваю патрэбу менавіта ў такім рытме.
Я хачу быць тым чалавекам, побач з якім можна сагрэцца. Хацелася б думаць, што для сваіх самых блізкіх і сяброў я цёплы чалавек. Паколькі не афішую сваё асабістае жыццё, многія дадумваюць мае гісторыі. Магчыма, камусьці гэта нават цікава.
Я не веру ў раптоўнае шчасце. Ні ў чым. Толькі работа, упартасць і работа. Мудрасць прыходзіць з тым, што трэба навучыцца чакаць, не рабіць лішні крок тады, калі ён не патрэбны. Момант гэтай самай долі секунды, каб не пабегчы раней званка — вось што пераследуе мяне ўсё жыццё.
Фота, ідэя, тэкст: Таццяна Менская
Візаж: Лізавета Горбач