Манаеў: Падзеі ва Украіне могуць узмацніць “партызанскія” настроі беларусаў
Чаму за іншага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах гатовыя галасаваць 53,2% апытаных, а рэйтынг Лукашэнкі расце, размаўляем з сацыёлагам Алегам Манаевым
Эканамічнае самаадчуванне беларусаў падае, а рэйтынг Лукашэнкі расце
Еўрарадыё: Чарговае сацыялагічнае даследаванне ад Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў – калі б даследаванне з такімі вынікамі, як мы маем у дадзеным выпадку, атрымала кіраўніцтва нейкай суседняй краіны, то якімі б былі іх дзеянні?
Алег Манаеў: Справа ў тым, што так: “Усё, трэба сыходзіць у адстаўку!” ці “Магу спакойна сябе і далей пачуваць!” увогуле не глядзяць ні на што нашы кіраўнікі! Не важна, кажам мы пра нашых расійскіх суседзяў, новыя ўкраінскія ўлады, беларускія, казахскія і гэтак далей – на ўсёй постсавецкай прасторы. Ёсць рэчы, якія яны імгненна запусцяць у абыходак: “Рэйтынг кіраўніка ўзняўся!”, а нейкія рэчы непрыемныя будуць ціхенька спрабаваць неяк выправіць. Калі, канешне, ўвогуле нешта з гэтым рабіць будуць.
Еўрарадыё: Возьмем лічбы, якія паказваюць “эканамічнае самаадчуванне беларусаў у першым квартале бягучага года”: у снежні 12,6% апытаных казалі, што іх матэрыяльнае становішча палепшылася, а 28,4 – што пагоршылася. У новым апытанні лічбы 10,1% супраць 25,2% адпаведна. Наколькі небяспечныя гэтыя паказчыкі?
Алег Манаеў: У гэтым годзе працэс “эканамічнае самаадчуванне” стаў у беларусаў больш складаным, чым нават ў снежні года мінулага. Тады ўсё ішло ўніз: і сярэдні прыбытак на чалавека, і – эканамічнае самаадчуванне. З аднаго боку, калі людзей пытаешся пра “асабістае” – іх прыбыткі, сям’і, то людзі кажуць, што працягваюць зніжацца. А калі сацыёлагі пытаюцца пра матэрыяльнае, эканамічнае становішча краіны, ці ў крызісе яна, то тут сёння больш аптымістычныя характарыстыкі, чым тое было ў снежні. І колькасць тых, хто лічыць, што краіна ў крызісе, знізілася на 14%, і ўзровень аптымізму наконт сацыяльна-эканамічнай будучыні краіны павысіўся з 12,5% да 24%, і гэтак далей. Такая вось даволі складаная карціна.
Еўрарадыё: І як сацыёлагі тлумачаць зніжэнне колькасці тых, хто лічыць, што краіна ў крызісе з 68,4% апытаных у снежні да – 54,6% сёння, калі сярэдні прыбытак на аднаго чальца сям’і зменшыўся з 325 да 312 долараў?
Алег Манаеў: Адбыўся так званы рэверс – паварот у іншы бок. І галоўная прычына гэтага рэверсу – цень Украіны, якая лягла на беларускае грамадства. І след гэты зусім іншы, чым той, на які шмат хто разлічваў яшчэ ў лістападзе-снежні. Тым не менш, нягледзячы на тое, што колькасць тых, хто лічыць, што краіна знаходзіцца ў крызісе, зменшылася, дэ-факта колькасць людзей, якія лічаць, што самаадчуванне краіны даволі дрэннае – іх усё адно застаецца большасць.
Еўрарадыё: І, нягледзячы на гэта, апытанне паказвае рост рэйтынгу кіраўніка краіны! Дзе логіка ў загадкавай беларускай душы?
Алег Манаеў: Сапраўды, цягам амаль вось ужо 20 гадоў, як НІСЭПД праводзіць апытанне грамадскага меркавання, такія дзівосы ўзнікаюць пастаянна. Кажам мы пра адносіны да геапалітычных сюжэтаў, унутрыпалітычных ці сацыяльна-эканамічных. Такая вось супярэчлівая, расколатая свядомасць. Тое ж тычыцца і адносінаў да ўлады. Нагадаю, што ў канцы мінулага года рэйтынг прэзідэнта пачаў “з’язджаць” і быў у снежні калі 35%, а сёння, паводле апытання, якое праводзілася ў канцы сакавіка, пачатку красавіка, ён вырас амаль да 40%. Але, з іншага боку, калі ў людзей пытаюцца: “Ці добра, што ўлада працяглы час знаходзіцца ў адных руках?”, то большасць ставіцца да гэтага адмоўна. А на пытанне: “Калі б вы ведалі чалавека, які на наступных выбарах змог бы паспяхова канкурыраваць з Лукашэнкам, то за каго б вы галасавалі?” толькі 34,5% гатовыя ўсё адно галасаваць за дзеючага кіраўніка краіны, а 53,2% апытаных – за такога невядомага, але паспяховага канкурэнта. Па маіх назіраннях, за апошнія прыблізна 10 гадоў назіраецца зніжэнне даверу ў людзей да ўлады і да прэзідэнта ў прыватнасці. Дзіўнага нічога няма: калі столькі гадоў адзін чалавек пры ўладзе, то давер да яго зніжаецца, нават калі ўсё ў парадку. А пра Беларусь не скажаш, што ў нас усё заўжды і стабільна ў парадку – хаця б крызіс 2011 года прыгадайце. Людзі пачынаюць “круціць галавой” у пошуках гэтага патэнцыйнага “невядомага паспяховага канкурэнта”. І што? Яны нічога не бачаць! Ні канкрэтных фігур, ні структур-партый, ні ўцямных ды зразумелых простым людзям праграм. Асабліва з улікам таго, што палітычная свядомасць у большасцi людзей – сацыялістычная і яны шукаюць падобную да дзеючага кіраўніка фігуру. Падобную ні вусамі, а моцнымі лідарскімі здольнасцямі. Каб што трэба размяркоўваў студэнтам ды пенсіянерам, парадак падтрымліваў і гэтак далей. Такога чалавека не знаходзяць і вяртаюцца позіркам да існуючага лідара.
Пасля першай крыві і Нябеснай сотні большасць беларусаў вырашыла, што еўрапейскі шлях – не для іх
Еўрарадыё: Але ўсё ж такі жаданне пераменаў у беларусаў ёсць?
Алег Манаеў: Так, за перамены каля 55% людзей выступаюць. Але яны хацелі б пераменаў не кардынальных, не такіх, якія цалкам змяняюць звыклы лад жыцця. І гэта жаданне дзіўным чынам пакуль факусіруецца ізноў такі на фігуры прэзідэнта.
Еўрарадыё: Вернемся да “ценю Майдана” – як ён адбіўся на настроях беларускага грамадства?
Алег Манаеў: Адмоўна. І гэта адмоўнае стаўленне да падзей ва Украіне змікшыравала і незадавальненне сваім эканамічным становішчам, і ўладамі ўвогуле, і нават рэйтынг у кіраўніка краіны вырас. У сітуацыі з Майданам выявілася даволі складаная існасць беларускага грамадства. Я не раз адзначаў, што ў палітычным сэнсе беларускае грамадства расколатае. Частка – за старую парадыгму жыцця, савецкую, планавую эканоміку, моцную ўладу. Яны Лукашэнку абіралі і яны яго ўвесь час падтрымліваюць. Другая частка – за еўрапейскі шлях, палітычную дэмакратыю, змену ўлады. Так было заўжды. І тыя імпульсы, якія Майдан распаўсюджваў вакол сябе, кожная частка беларускага грамадства ўспрымала па-свойму. “Еўрапейцы” ўпэўніліся ў тым, і казалі пра гэта да “першай крыві”, што “ў Майдана, ва ўкраінцаў атрымалася, а значыцца і ў нас такое магчыма праз Плошчу!” А тыя, хто былі за ўладу, яны ўмацаваліся ў сваіх пазіцыях: “Як толькі ўлада дала слабіну, то адразу пачаўся развал, пайшлі бандэры з шухевічамі – не дай Бог, каб такое ў нас было!”. І ў гэтым сэнсе ўкраінскія падзеі спрыялі не кансалідацыі беларускага грамадства, а далейшаму расколу. Але галоўнае тут – не гэтыя два супрацьлеглыя, а тая частка, якая заўжды вагалася. Іх заўжды было каля 50%. Гэтую частку, асабліва пасля першай крыві і Нябеснай сотні, крымскіх падзей, адвярнула ад прыхільнікаў еўрапейскіх каштоўнасцяў. І гэта распаўсюдзілася на адносіны беларусаў да ўнутранай палітыкі, знешняй і нават – на адносіны да мясцовых выбараў.
Еўрарадыё: У параўнанні са снежнем узровень даверу да пазіцыйных партый зменшыўся менш, чым на 1% – з 15,8% да 14,9% – таксама вынік “ценю Майдана”?
Алег Манаеў: Я звярну ўвагу не на рэйтынг даверу, а на рэйтынг недаверу: у снежні апазіцыйным партыям не давяралі 63,4% апытаных, а зараз – 66,3%. А гэта рост ажно на 3%. Да ўсяго, нагадаю, сумесны электаральны рэйтынг 10 апазіцыйных палітыкаў не перавышае 20%. А ў аднаго Лукашэнкі рэйтынг зараз – 40%! І без “ценю Майдану” тут таксама не абышлося. Памятаеце, як у лістападзе-снежні, пачатку студзеня амаль усе лідары апазіцыйных структур ездзілі ў Кіеў, выступалі на Майдане, выказвалі сваю падтрымку. Шараговыя беларусы зрабілі выснову – дык яны яшчэ і майданнікі! І на фоне таго, што далей ва Украіне адбылася, рэверсу ў свядомасці беларусаў гэта не паспрыяла падвышэнню аўтарытэту ў вачах беларускага выбаршчыка палітычных структур, іх лідараў. І ў бліжэйшай перспектыве, нават у 2015 годзе, незалежна ад таго, як будуць развівацца падзеі ва Украіне і Расіі, гэтыя настроі будуць адбівацца.
Еўрарадыё: Пра “знешнепалітычную арыентацыю” беларусаў – гляджу, і тут змены ды рэверсы?
Алег Манаеў: Так, калі ў снежні за аб’яднанне Расіі і Беларусі прагаласавалі б 23,9% апытаных, то зараз – 29,3%. А калі б давялося беларусам выбіраць з кім аб’ядноўвацца: з ЕС ці Расіяй, то за аб’яднанне з Расіяй сёння б прагаласавалі 51,5%, а за аб’яднанне з ЕС – 32,9%. А яшчэ тры месяцы таму было ўсё наадварот: за Расію – 36,6% і 44,6% адпаведна! І гэта – нягледзячы на Крым і ўсё астатняе. Чаму? Першае: гэта ж праеўрапейская частка распачала ўсё ва Украіне, усе пратэсты пачалі з адмовы ўладаў падпісваць Дамову аб асацыяцыі з ЕС. Калі ўсё абышлося без крыві, да ўлады шляхам выбараў прыйшоў новы прэзідэнт, у краіну пайшлі еўрапейскія крэдыты, то той снежаньскі праеўрапейскі трэнд і далей бы развіваўся ды ўзмацняўся. Але атрымалася інакш і зараз у свядомасці беларусаў замацавалася, што віна за хаос, кроў, анексію ды інтэрвенцыю ляжыць на “еўрапейскіх памкненнях” – калі гэта з Еўропай усё звязана, то і Еўропа нам не патрэбная. Другі складнік: “А што зрабіла Еўропа, каб дапамагчы праеўрапейскай Украіне?” Спачатку яны месяц вагаліся, а потым нейкія там санкцыі супраць чыноўнікаў увялі. У свядомасці шараговага беларуса Захад, які спрычыніўся да таго, што сёння адбываецца ва Украіне, сёння ўкраінцаў кінуў. Разам гэта прывяло да таго, што большасць беларусаў ад Еўропы адвярнулася. Не бяруся прадказваць, ці будзе гэты настрой захоўвацца, але не выключаю таго, што ўсё можа пайсці па трэцім шляху. Гэты трэці шлях вельмі характэрны для беларусаў – самаізаляцыя. Павялічыцца колькасць людзей, якія будуць схіляцца да думкі, што нам ні ў Расію, ні ў Еўропу не трэба – мы самі па сабе. Маўляў, мы – партызанскі лагер у цэнтры Еўропы, мы самі па сабе, мы – не за белых і не за чырвоных, мы жывём у сваім лесе, у сваёй зямлянцы, былі партызанамі і імі застанемся. Я такога варыянту цалкам не выключаю.
“Абы не было вайны” – гэта ментальная карта, што ляжыць у душы беларусаў
Еўрарадыё: Давайце разгледзем больш падрабязна на адносіны беларусаў да падзей ва Украіне…
Алег Манаеў: На пытанне “Ці лічыце вы адхіленне Януковіча ад улады справядлівым пакараннем за кровапраліццё?”, адказалi станоўча каля 28% апытаных, а “дзяржаўным пераваротам, захопам улады” – амаль 55 %. І калі толькі 12% апытаных адказалі, што лічаць магчымым паўтарэнне Майдану ў Беларусі, то амаль 77% лічаць такое немагчымым. А калі б такія падзеі ўсё ж распачаліся б, то на баку беларускага Майдана удзельнічала б 15,5%, на баку ўлады – 10,5%, а “ні на чыім баку” – амаль 66% апытаных. І на апошняе я б у сувязі з магчымым ростам “партызанскіх” настрояў хацеў звярнуць увагу. На пытанне “Ці каштуе крыві людзей лепшая будучыня?” станоўча адказалі толькі 14,1% апытаных, а адмоўна – 78%! Гэта ўстаноўка глыбока замацавалася ў галаве масавага беларуса. Мы думалі, што “чарка, шкварка ды абы не было вайны” – гэта меркаванні нейкіх бабулек у вёсках, а мы, маладыя, жыхары гарадоў не такія. А вось яно апынулася як. Апынулася, што гэта такая ментальная карта, якая ляжыць на глыбіні беларускай душы і свядомасці. І калі нешта адбываецца такое, як ва Украіне, так рэагуюць людзі. А ўлады не дурныя, калі справа тычыцца захавання сваіх пазіцый, і выкарыстоўваюць такія настроi сабе на карысць.
Еўрарадыё: Напярэдадні чарговыя выбары: ці ёсць адказ у гэтым апытанні на заклікі не хадзіць на выбары, на спадзяванні змяніць уладу праз Плошчу?
Алег Манаеў: Ёсць. На пытанне: “Калі народ незадаволены ўладай, то як ён павінен дзейнічаць?” за змены праз выбары выказаліся амаль 40%, за змены праз выбары і мірныя пратэсты выказалася яшчэ 40% апытаных, і толькі каля 15% адказалі, што народ для змены такой улады можа выкарыстоўваць любыя метады. Такім чынам, амаль 80% апытаных выказваюцца за змены праз выбары – хай сабе і з магчымасцю пратэстаў, але мірных. Сыходзячы з гэтых лічбаў і ўсяго, пра што мы казалі раней, магчымасць арганізацыі ў 2015 годзе беларускага Майдана на Плошчы мне падаюцца маларэальнымі. Патэнцыял да пратэстаў у радыкальнай форме ў беларускім грамадстве быў і ёсць, але ён колькасці значна саступае тым, хто за мірны шлях, выбары. Нягледзячы на тое, што ёсць недавер да выбараў і расчараванне ў іх.
Фота: Змітра Лукашука