Манголіі давядзецца растлумачыць, чаму яна не арыштавала Пуціна — пракурор МУС
Уладзімір Пуцін падчас візіту ў Манголію
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін рана ці позна абавязкова апынецца на лаве падсудных, заявіў пракурор Міжнароднага крымінальнага суду Карым Хан у інтэрв'ю ВВС. Ён нагадаў, што "людзі смяяліся, калі трыбунал па былой Югаславіі дамагаўся ордараў на арышт Караджыча і Младзіча, не кажучы ўжо пра Мілошавіча, або калі спецыяльны суд па Сьера-Леонэ выдаваў ордар на арышт былога прэзідэнта Чарльза Тэйлара". Аднак гісторыя паказала, што "гэтыя людзі, якія мелі ў мінулым вялікую ўладу у сябе ў краіне і ў рэгіёне, у выніку апынуліся на лаве падсудных".
Хан таксама расказаў, як МУС прымаў рашэнне аб выдачы ордара на арышт расійскага прэзідэнта. Паводле слоў пракурора, ён да апошняга не верыў, што Пуцін наважыцца напасці на Украіну. "Але калі яны гэта зрабілі, я вырашыў, што ўсё цалкам відавочна, і мы павінны пачаць расследаванне", — адзначыў Хан. Ён распавёў пра свае паездкі на месца падзей. "А калі ты чуеш гісторыі, сведчанні, бачыш разбурэнні, чуеш выказванні розных людзей, уключаючы выказванні Уладзіміра Пуціна і Марыі Львовай-Бяловай, прымяніць усю строгасць закона было нескладана", — адзначыў пракурор МУС.
Украіна прасіла МУС правесці расследаванне ў дачыненні да Расіі яшчэ ў 2021 годзе. Але ў выніку ордар на арышт Пуціна і Львовай-Бяловай быў выпісаны ў сакавіку 2023 года. Іх падазраюць у ваенных злачынствах, учыненых падчас вайны ва Украіне. Масква называе гэтае рашэнне МУС юрыдычна нікчэмным. Тым не менш Уладзімір Пуцін стаў вельмі выбарчы ў замежных паездках. У прыватнасці, у ліпені 2023 года ён не паехаў на саміт БРІКС у ПАР, хоць улады краіны давалі зразумець, што не стануць яго арыштоўваць.
На гэтым тыдні расійскі прэзідэнт здзейсніў візіт у Манголію. Там яго сустрэлі чырвонай дывановай дарожкай, хоць павінны былі арыштаваць. Карым Хан запэўніў, што Манголіі давядзецца растлумачыць, чаму яна праігнаравала ордар МУС. Ужо распачаты перамоўны працэс. "Суддзі могуць даць свае рэкамендацыі на выпадак, калі будзе выяўлена адсутнасць супрацоўніцтва, але я не хачу нічога апярэджваць, бо цяпер гэтае пытанне вырашаецца паміж суддзямі і ўрадам Манголіі", — адзначыў пракурор МУС.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.