"Марш незалежнасці" ў Варшаве зноў скончыўся вулічнымі беспарадкамі (фота)
11 лістапада ў Польшчы адзначаецца Дзень Незалежнасці.
Як паведамляе tvn24.pl, 11 лістапада яшчэ зранку быў спынены рух транспарту ў цэнтры Варшавы. У польскай сталіцы прайшлі некалькі шэсцяў. Так, марш "Разам за Незалежнасць" узначаліў прэзідэнт краіны Браніслаў Камароўскі.
Акрамя яго, адбыўся традыцыйны Марш Незалежнасці, які ладзяць больш радыкальныя сілы. Падчас яго адбыліся сутычкі з паліцыяй. Удзельнікі акцыі кідалі ў паліцыю петардамі і камянямі, разбіралі асфальт, вырывалі дарожныя знакі. У адказ паліцыя палівала іх фарбаванай вадой, каб потым апазнаць удзельнікаў беспарадкаў. Ёсць звесткі пра ўжыванне гладкаствольнай зброі.
На цяперашні час праваахоўнікі затрымалі больш за 200 чалавек. У некаторых з іх пры сабе была піратэхніка. Паведамляецца таксама прынамсі пра чатырох пацярпелых — двух паліцыянтаў і двух удзельнікаў Марша Незалежнасці.
Фота — РАР і tvn24.pl