"Масква" атрымала сур'ёзныя пашкоджанні — 50-я раніца вайны
Ракетны крэйсер "Масква" / скрыншот відэа
Міністэрства абароны Расіі пацвердзіла, што з ракетным крэйсерам "Масква" ёсць праблемы. Там здарыўся пажар і судна атрымала "сур'ёзныя пашкоджанні".
"У выніку пажару на ракетным крэйсеры "Масква" здэтанаваў боезапас. Карабель атрымаў сур'ёзныя пашкоджанні. Экіпаж цалкам эвакуіраваны", — гаворыцца ў паведамленні расійскага ваеннага ведамства.
Але па якой прычыне адбыўся пажар, там не кажуць. Кажуць, што "прычыны пажару высвятляюцца". Напярэдадні Кіеў паведаміў, што атакаваў крэйсер ракетамі "Няптун". Дададзім, што "Масква" з'яўляецца флагманам Чарнаморскага флоту ВМФ Расіі. Акрамя таго, гэта той самы карабель, які заклікаў украінскіх вайскоўцаў на востраве Змяіны здацца і быў пасланы. Гэта пацвердзіла рэсурсу "Громадське" прэс-сакратар марской аховы Наталля Гумянюк.
Раніцай стала вядома, што ўкраінская група сіл спецаперацый узарвала мост з расійскай тэхнікай, якая накіроўвалася да Ізюма (гэта горад у Харкаўскай вобласці). Гэта былі бронеаўтамабіль "Тыгр", Камаз і тры Уралы, якія ішлі для ўзмацнення сваёй групоўкі.
На ўсёй тэрыторыі Украіны захоўваецца пастаянная пагроза ракетных удараў, гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба Украіны. Расійскія войскі "працягваюць наносіць сістэмныя ракетна-бомбавыя ўдары па ваеннай і грамадзянскай інфраструктуры Харкаўскай, Данецкай і Запарожскай абласцях".
Паводле звестак украінскіх вайскоўцаў, праціўнік працягвае нарошчваць сілы ля ўсходніх межаў краіны: фармуе авіяцыйную групу, умацоўвае артылерыйскія падраздзяленні.
У Беларусі, па дадзеных украінскіх вайскоўцаў, жыхарам прыгранічных вёсак кажуць, што ўкраінскія падраздзяленні могуць атакаваць у любы час. А на блокпастах у раёне аграгарадка Холмеч (гэта Рэчыцкі раён) расійскія і беларускія вайскоўцы правяраюць асабістыя тэлефоны.
Аляксей Арастовіч, дарадца кіраўніка офіса ўкраінскага прэзідэнта, прызнаў, што ў Марыупалі частка 36-й брыгады марской пяхоты трапіла ў палон. Гэта адбылося, калі яны спрабавалі прарвацца да палка "Азоў". Аб здачы ў палон украінскіх марпехаў напярэдадні паведамлялі расійскія крыніцы. Аднак, па словах Арастовіча, гаворка ідзе не пра "тысячы" байцоў, а значна меншай колькасці людзей. У цэлым ён ацаніў аперацыю прарыву як паспяховую. Аб гэтым піша УНІАН.
Кіяўляне пачалі масава вяртацца дадому. Паводле ацэнак мэра горада Віталя Клічко, у горад ужо прыехалі дзве траціны тых, хто пакінуў яго пасля пачатку вайны. Але ён па-ранейшаму раіць не спяшацца з вяртаннем. Паводле яго слоў, пагроза ракетных удараў захоўваецца.
Тым не менш у Кіеў можа прыляцець дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен або міністр абароны Лойд Осцін. У Вашынгтоне цяпер абмяркоўваюць магчымы візіт ва Украіну высокапастаўленага чыноўніка. Аб гэтым CNN распавяла крыніца ў Белым доме, якая знаёмая з ходам перамоваў. Але крыніца падкрэсліла, што візіт можа і не адбыцца — рашэнне пакуль не прынята.
Напярэдадні, нагадаем, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сустракаўся ў Кіеве з кіраўнікамі Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі. А да гэтага ў ваюючай Украіне пабывалі старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен і кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль.
Генацыдам украінцаў назваў вайну Расіі супраць Украіны і прэм'ер-міністр Канады Джасцін Трудо. Раней такую ацэнку таго, што адбываецца, даў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн.
"Абсалютна правільна, што ўсё больш людзей кажуць і выкарыстоўвае слова генацыд у дачыненні да таго, што робіць Расія, што зрабіў Уладзімір Пуцін. Мы бачылі гэтае жаданне нападаць на мірных жыхароў, выкарыстоўваць сэксуальны гвалт як зброю на вайне", — прыводзіць словы прэм'ера Канады "Громадське".
ЗША і НАТА павінны быць больш рашучымі ў жаданні дапамагчы Украіне, лічыць акцёр Мікі Рурк. Ён апублікаваў у Instagram вялікі пост пра вайну, нагадаў, што ўкраінцы жывуць пад пастаяннымі абстрэламі і бамбёжкамі і папрасіў: "зніміце вашы дзяўбаныя [белыя] пальчаткі і дайце гэтаму народу ўсё, у чым ён цяпер мае патрэбу". Акцёр распавёў, што ў яго памочніка Дзімы ва Украіне знаходзіцца шмат сваякоў, і кожны дзень Рурк даведаецца, як каго-небудзь з родных Дзімы забіваюць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.