Мікалай Лукашэнка мог гуляць "у танкі" толькі з дазволу бацькі
На прэс-канферэнцыі для расійскіх журналістаў Аляксандр Лукашэнка скардзіцца, што не можа адарваць малодшага сына ад гульні "World of Tanks". "Часам ён [Мікалай Лукашэнка. — Еўрарадыё] кажа: мне трэба інфармацыю знайсці, у школе даручылі. Дзве хвіліны шукае інфармацыю, а гадзіну гуляе ў "танкі". Таму ў мяне адна праблема: яго адтуль вырваць, каб ён меней там знаходзіўся", — распавядае кіраўнік краіны.
Мікалаю Лукашэнку толькі-толькі споўнілася 12 гадоў — хлопчык нарадзіўся 31 жніўня 2004 года. Ці можна ў такім узросце ўвогуле гуляць у "World of Tanks"? Гульня гэтая даволі жорсткая. Па сутнасці, яе мэта — знішчаць танкі сапернікаў, а значыць — забіваць людзей. Ды і крэпкае слаўцо там можна пачуць — гульцы ведаюць, што за гэта можна адправіцца ў бан, але ж няпроста стрымаць сябе, калі твой танк падбілі.
"У нас ёсць абмежаванне для СНД — 12+. Калі дзіцю 12-ці яшчэ няма, гуляць можна, але толькі з дазволу бацькоў, — распавялі Еўрарадыё ў кампаніі Wargaming, якая займаецца распрацоўкай "World of Tanks". — Гэтае абмежаванне — хутчэй, для бацькоў. Каб яны разумелі, што ў гульні ёсць кантэнт 12+. Дзеткі ў нас гуляюць, у асноўным, з татамі. Мы па мерапрыемствах гэта бачым: дзеткі з татамі прыходзяць".
Зараз Мікалаю Лукашэнку ўжо ёсць 12 гадоў. Але ўпершыню яго тата распавёў пра тое, што хлопчык гуляе ў "World of Tanks", калі яму толькі споўнілася 10. "Так, у "танках" сядзіць. Але ў яго абмежавана. Гадзіна — танкі, паўтары гадзіны музыкі. Дзве гадзіны танкі — чатыры гадзіны музыкі. Чатыры — цяжка, таму больш за гадзіну ў танкі не гуляе", — распавядаў Аляксандр Лукашэнка 3 кастрычніка 2014 года, на сустрэчы з беларускімі настаўнікамі.
Перад тым, як стварыць профіль у "World of Tanks", усе гульцы абавязаныя заключыць "Карыстальніцкае пагадненне". Націскаючы "пагадзіцца", гулец пацвярджае, што валодае дзеездольнасцю ці мае дазвол ад бацькоў ці сваіх законных прадстаўнікоў. Па беларускім заканадаўстве, дзеездольнымі лічацца толькі поўнагадовыя людзі. Значыць, каб пачаць гуляць у WoT, Мікалаю Лукашэнку трэба было ці атрымаць дазвол ад бацькі. Ці падмануць распрацоўшчыкаў гульні.