"Мікрафінансавыя" сайты, заблакаваныя Мінінфармам, дагэтуль адчыняюцца

"Мікрафінансавыя" сайты, заблакаваныя Мінінфармам, дагэтуль адчыняюцца

Пра тое, што Міністэрства інфармацыі заблакавала 11 сайтаў, стала вядома яшчэ 10 студзеня. Тры сайты: dengi-srochno.by, dengi-bystro.by, zaem-vsem.by ― парушылі заканадаўства аб выдачы мікракрэдытаў. Яшчэ восем: fxline.by, landing.fxline.by, streamforex.by, weltrade.ru, by.weltrade.com, stforex.com, ru.mtrading.com, mtrading.by — давалі доступ да інструментаў "Форэкс", хаця не былі ўключаныя ў рэестр форэкс-кампаній. Усе яны рэкламавалі свае паслугі ў інтэрнэце, што і стала падставай для прэтэнзій з боку ўладаў.

Блакіроўка дзейнічае ўжо шэсць дзён, але забароненыя сайты працягваюць адкрывацца! У рэдакцыі Еўрарадыё, напрыклад, адчыніліся 9 з 11 старонак, доступу не было толькі да fxline.by, landing.fxline.by. У абанента byfly ад дзяржаўнага правайдара "Белтэлекам" адкрыліся 3 з 11 сайтаў: dengi-bystro.by, by.weltrade.com (з пераадрасацыяй на bel.weltrade.com) ды ru.mtrading.com.

"Мікрафінансавыя" сайты, заблакаваныя Мінінфармам, дагэтуль адчыняюцца
Сайт dengi-srochno.by дагэтуль адкрываецца, хаця мусіць быць заблакаваны.

Чаму блакіроўка працуе выбарачна? "А чаму вы нам гэтае пытанне задаяце? — здзіўляюцца ва ўпраўленні электронных СМІ Міністэрства інфармацыі. — У вас хто правайдар? Калі яны пастаўшчыкі паслуг, і нейкія патрабаванні мусяць забяспечваць, дык гэта ім трэба задаваць гэтыя пытанні".

Але ў "Белтэлекаме" пытанню таксама здзіўляюцца. "Гэта, мабыць, да міністэрства пытанні... Ці, можа, вы гэта самі мусіце блакаваць, на сваіх камп'ютарах ставіць абмежаванне", — адказалі Еўрарадыё ў службе тэхпадтрымкі правайдара.

Парадак абмежавання доступу да сайтаў апісваецца сумеснай пастановай ААЦ і Мінсувязі №6/8 ад 19 лютага 2015 года. Цягам трох працоўных дзён пасля таго, як Мінінфарм прымае рашэнне аб блакіроўцы, ён накіроўвае копію гэтага рашэння ў Дзяржаўную інспекцыю па электрасувязі. Тая ў дзень атрымання копіі рашэння ўключае сайт у спіс абмежаванага доступу. Пасля гэтага правайдары абавязаныя цягам сутак абмежаваць доступ да забароненага рэсурсу.

У выпадку "мікрафінансавых" сайтаў рашэнне аб блакіроўцы прынятае шэсць дзён таму.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі