Міліцыя: галадоўка нявесты палітвязня каля СІЗА — несанкцыянаванае мерапрыемства
Зранку 4 жніўня да Вольгі Каракінай, якая галадае каля СІЗА №1 па вуліцы Валадарскага ў Мінску, прыйшлі міліцыянты. Яны паведамілі дзяўчыне і яе групе падтрымкі, што тыя праводзяць несанкцыянаванае масавае мерапрыемства.
"Нам сказалі, што мы ўжо тут доўга знаходзімся і ўсё гэта выглядае як пікет. Пакуль мы збіраем рэчы і вырашаем, што рабіць. Не вельмі хочацца падстаўляць хлопцаў, якія прыйшлі падтрымаць мяне", — перадае TUT.by словы дзяўчыны.
Вольга — нявеста Дзмітрыя Фурманава, якога затрымалі два месяцы таму ў Гродне падчас пікету па зборы подпісаў. Ён адзін з фігурантаў "справы Ціханоўскага". Беларускія праваабаронцы назвалі яго ў ліку палітвязняў, Amnesty International прызнала яго вязнем сумлення.
26 ліпеня таму Вольга і маці Фурманава абвясцілі галадоўку каля сцен СІЗА. Пасля гэтага самога Фурманава перавялі ў Жодзіна. Маці хлопца была вымушаная спыніць галадоўку з прычыны стану здароўя. Бацька-інвалід не можа ўдзельнічаць у акцыі з медыцынскіх прычынаў.
Вольга кажа, што пачуваецца не вельмі добра, ёсць слабасць.
Дзяўчына кажа, што можа і спыніць галадоўку, каб нікога не затрымалі. Але пакуль дакладна яшчэ нічога не вырашыла.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.