Мінэнерга Украіны просіць пра забарону імпарту электраэнергіі з Беларусі і Расіі
Мінск гатовы з уводам БелАЭС прадаваць электраэнергію ва Украіну і краіны Балтыі / Еўрарадыё
Міністэрства энергетыкі Украіны просіць забараніць імпарт электраэнергіі з Беларусі і Расіі. З такой просьбай міністр Герман Галушчанка звярнуўся ў Нацыянальную камісію па ўкараненні дзяржрэгулявання ў сферах энергетыкі і камунальных паслуг.
Імпарт электраэнергіі з краін, якія не з'яўляюцца ўдзельнікамі Энергасупольнасці, "супраць стратэгічных мэтаў Украіны ў галіне энергетыкі (у прыватнасці, сінхранізацыі ЕЭК Украіны з ENTSO-E) і патэнцыйна пагражае энергетычнай бяспецы", гаворыцца ў лісце кіраўніка Мінэнерга.
Украіна плануе ў найбліжэйшыя гады інтэграваць сваю энергасістэму ў Еўрапейскую супольнасць аператараў магістральных сетак у галіне электраэнергетыкі (ENTSO-E). А ключавым патрабаваннем для інтэграцыі, па словах міністра, з'яўляецца "забеспячэнне дастатковасці ўласных генерыравальных магутнасцяў".
Цягам апошняга года Украіна то аднаўляла, то прыпыняла імпарт электраэнергіі з Беларусі. Упершыню пасля шматгадовага перапынку Кіеў пачаў купляць электраэнергію ў Мінска мінулым летам. Затым у кастрычніку здарыўся перапынак. У студзені 2021 пастаўкі былі адноўленыя.
Пры гэтым міністр энергетыкі Беларусі Уладзімір Каранкевіч некалькі дзён таму заявіў, што краіна з уводам БелАЭС будзе гатовая прадаваць электраэнергію ва Украіну і краіны Балтыі. Для гэтага ёсць усе тэхнічныя магчымасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.