Памочніка ўхілістаў з Украіны затрымалі пасля інтэрв'ю БТ

Украінская мяжа

Украінская мяжа / RFE/RL

Ва Украіне затрымалі ўраджэнца Жытомірскай вобласці, які дапамагаў украінскім ухілістам уцячы ад мабілізацыі ў Беларусь, Малдову і краіны ЕС.

Як перадае Радыё "Свабода", затрымалі мужчыну пры спробе незаконнага перасячэння мяжы. На яго пачалі крымінальную справу за перашкоду законнай дзейнасці УСУ ў асаблівы перыяд і незаконнае перапраўленне асобаў праз мяжу. Украінцу пагражае ад 5 да 8 гадоў пазбаўлення волі.

Паведамляецца, што затрымалі мужчыну 2 жніўня. Ён спрабаваў перабрацца ў Беларусь праз чарнобыльскую зону. Цяпер ён знаходзіцца ў Чарнігаўскім следчым ізалятары.

Перад затрыманнем украінец даў інтэрв'ю беларускай прапагандыстцы Ксеніі Лебедзевай. Ён расказаў, як дапамагае ўхілістам уцячы за мяжу, паведаміў пра свае погляды на мабілізацыю і развіццё Украіны.

Следчыя заяўляюць, што ён адміністраваў тг-каналы "1 РеалТВ Запись трансляций" (205 удзельнікаў), "1 Реальное телевидение" (919 удзельнікаў), "1RegionTelevision" (14 909 удзельнікаў). У гэтых каналах абмяркоўваліся спосабы незаконнага пераходу дзяржаўнай мяжы Украіны.

Следчыя ідэнтыфікавалі мінімум шэсць чалавек, якім мужчына даваў парады і рэкамендацыі пра незаконны пераход мяжы. У тэлефонах затрыманага следчыя знайшлі ліставанне з прапагандысткай Лебедзевай. Інтэрв'ю з украінцам пад назвай "Як уцячы з Украіны праз заходнюю мяжу. Дапаможнік для ўхілістаў" выйшла сёлета ў другой палове ліпеня. Імя мужчыны ў сюжэце не называецца. Лебедзева кажа, што гэта адміністратар тг-канала, які дае інструкцыі ўхілістам ад мабілізацыі. Голас яе суразмоўцы, вераемна, зменены, або тэкст, які ён напісаў ці нагаварыў, агучыў іншы чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі