Мінгарсуд ліквідаваў Мінскае роварнае таварыства
Эмблема Мінскага роварнага таварыства
6 жніўня Мінскі гарадскі суд пастанавіў ліквідаваць Мінскае роварнае таварыства, паведамляецца ў сацсетках арганізацыі.
Удзельнікі арганізацыі не ведаюць, што паслужыла падставай для такога рашэння: "У матэрыялах пад грыфам "Для службовага карыстання" не было канкрэтнай інфармацыі, што менавіта стала падставай".
Пазоў на ліквідацыю таварыства падало Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Мінгарвыканкама.
Мінскае роварнае таварыства займалася развіццём і папулярызацыяй веларуху ў якасці турызму і ровара як гарадскога транспарту. Яно было зарэгістраванае 16 сакавіка 2011 года.
Па стане на 22 сакавіка 2023 года ў таварыстве налічваўся 671 удзельнік. Арганізацыя планавала працягваць сваю дзейнасць, пра што падала спарваздачу ў Мінгарвыканкам
За два тыдні да падачы гэтага дакумента, 9 сакавіка, быў асуджаны намеснік дырэктара арганізацыі Максім Пучынскі. Яму прысудзілі 2,5 года "хатняй хіміі" паводле "народнага артыкула" КК — ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Пакуль ён быў у няволі, праваабаронцы лічылі яго палітвязнем. Пасля прысуду Пучынскага вызвалілі з-пад варты, праз некалькі дзён ён пакінуў Беларусь.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.