Мінінфарм удакладніў прэтэнзіі да сайта "Хартыя'97"
На сайце Міністэрства інфармацыі з'явілася тлумачэнне прэтэнзіяў ведамства да сайта "Хартыя'97". Як вядома, доступ да сайта на тэрыторыі Беларусі перакрыты з вечара 24 студзеня.
Мінінфармацыі заяўляе. што падставай стала размяшчэнне на сайце інфармацыі, распаўсюд якой забаронены артыкулам 38 Закона "Аб сродках масавай інфармацыі", бо можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі.
"Акрамя таго, на рэсурсе размяшчаліся артыкулы з указаннем даты і месца правядзення масавага мерапрыемства, дазвол на правядзенне якога на момант размяшчэння публікацыі атрымана не было", — тлумачаць чыноўнікі. Беларускі закон "Аб масавых мерапрыемствах" забараняе арганізатарм ці іншым асобам даваць такія звесткі ў СМІ ці інтэрнэце да атрымання дазволу.
Яшчэ адной падставай для абмежавання доступу да сайту называецца распаўсюд інфармацыі, "які рашэннем суда прызнаны экстрэмісцкім матэрыялам і ўнесены ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў".
Якія менавіта матэрыялы пагражаюць нацыянальнай бяспецы і з'яўляюцца экстрэмісцкімі, чыноўнікі Мінінфарма не ўдакладнілі.