У калумністкі і пісьменніцы Ганны Златкоўскай арыштавалі лецішча ў Беларусі

Ганна Златкоўская

Ганна Златкоўская / фота з яе старонкі ў Фэйсбуку

На калумністку і пісьменніцу Ганну Златкоўскую ў Беларусі пачалі крымінальную справу. На яе лецішча пастановай Следчага камітэта накладзены арышт, паведамляе БАЖ.

Златкоўская пакінула Беларусь у лістападзе 2020 года. 8 кастрычніка 2024-га сілавікі правялі ператрус у кватэры яе маці ў Мінску. Пра гэта Ганна напісала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Паводле якога артыкула пераследуюць журналістку і ў чым сутнасць абвінавачання, пакуль невядома.

"На мяне заведзеная крымінальная справа. Я зарэгістраваная ў кватэры мамы, відаць, таму да яе прыйшлі з ператрусам. Хаця, можа быць, яны прыходзяць з ператрусам да блізкіх людзей — усё адно, прапісаны там фігурант крымінальнай справы ці не", — падзялілася Златкоўская дэталямі з службай маніторынгу БАЖ.

Паводле Златкоўскай, арыштаванае лецішча — гэта яе адзіная нерухомасць. "Гэта бяда, безумоўна. Мама праводзіць кожны сезон на гэтым лецішчы, гэта яе адзіны паратунак ва ўсім гэтым. Дый колькі сіл туды ўкладзена, баюся нават думаць аб тым, што яго забяруць", — дадала калумністка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі