Міністр адукацыі: перанос ЦТ на іншы тэрмін пакуль не разглядаецца
Пытанне пра перанос тэрмінаў цэнтралізаванага тэкставання пакуль не разглядаецца. Пра гэта міністр адукацыі Ігар Карпенка заявіў падчас наведвання сярэдняй школы №64 Мінска.
"Мы працуем у цесным кантакце з Міністэрствам аховы здароўя. Усе рэкамендацыі стараемся выконваць. Калі будзе неабходнасць перанесці правядзенне ЦТ на нейкія іншыя тэрміны, мы гатовыя абмяркоўваць і гэтыя пытанні", — перадае БЕЛТА словы чыноўніка.
Міністр запэўніў, што ўся інфармацыя будзе даводзіцца да абітурыентаў своечасова. Пра перанос тэрмінаў уступнай кампаніі, кажа ён, таксама заяўляць заўчасна.
"Каб абітурыенты не хваляваліся, я пра гэта казаў раней: ніякіх істотных змяненняў у правядзенні ўступнай кампаніі ў нас не будзе. Мы фактычна ўжо ўступілі ў гэтую кампанію. Вызначаныя лічбы прыёму, яны ўжо вывешаныя ў разрэзе спецыяльнасцяў на сайтах вышэйшых навучальных устаноў, зацверджаныя парадкі прыёму ў ВНУ", — удакладніў Карпенка.
Напярэдадні стала вядома, што падача заяваў на ЦТ будзе адбывацца ў электроннай форме. Аднак атрымліваць пропуск абітурыентам трэба будзе асабіста.
Сёлетнія вясновыя вакацыі ва ўмовах пандэміі каранавіруса доўжыліся тры тыдні замест аднаго. І нават пасля іх у школу вярнулася менш за палову вучняў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.