Міністр спорту "наехаў" на Вікторыю Азаранка з-за адмовы выступаць на Алімпіядзе
Міністр спорту Беларусі Сяргей Кавальчук у інтэрв'ю sb.by крытычна выказаўся пра Вікторыю Азаранка з-за яе адмовы выступаць на Алімпіядзе ў Токіа. Ён кажа пра "ўчынак" тэнісісткі, якая "нечакана адмовілася ад удзелу". "Чым кіравалася Азаранка? Непрыемна, — адзначае міністр. — Як не пазмагацца за гонар краіны? Не дапамагчы, калі ў табе маюць патрэбу?".
Кавальчук лічыць, што Вікторыя Азаранка магла б паспрабаваць стаць двухразовай алімпійскай чэмпіёнкай. Паводле яго слоў "у пары з Сабаленка" ў яе быў "цудоўны" шанец.
"Такія паводзіны не ўпрыгожваюць Азаранка ні як спартсмена, ні як чалавека, ні тым больш як грамадзяніна сваёй краіны", — заявіў міністр спорту. Ён прызнаўся, што яму не падабаецца сітуацыя, якая склалася ў беларускім тэнісе.
"Смага ці нават прагнасць да грошай спарадзілі спажывецкае стаўленне да дзяржавы, якая ўкладвала і ўкладвае ў станаўленне спартсменаў вялікія грошы, — працягвае Сяргей Кавальчук. — А жыццё і кар'еру пры гэтым многія нашы тэнісісты, на жаль, пералічваюць выключна на долары".
Як вядома, Алімпіяда ў Токіа стала для беларускай зборнай правальнай і скандальнай. Пасля яе ў адстаўку з пасады кіраўніка Беларускай тэніснай федэрацыі пайшоў Сяргей Цяцерын, сябар Аляксандра Лукашэнкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.