Мінскія ўлады дазволілі акцыю у памяць аб ахвярах сталінскіх рэпрэсій у Лошыцы
Мінгарвыканкам дазволіў правядзенне 8 лістапада традыцыйнай акцыі ў Лошыцы ў памяць аб ахвярах сталінскіх рэпрэсій. Яна прымеркаваная да дня памінання продкаў "Дзяды". Заяўку падавала Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ.
Як інфармуе БелаПАН, збор удзельнікаў акцыі будзе праходзіць з 12.00 да 12.30 каля палаца культуры "Лошыцкі". Пасля пачнецца шэсце да Лошыцкага яра, дзе каля памятнага знака ў гонар нявінна расстраляных з 13.30 да 15-й гадзіны адбудзецца мітынг. Заяўленая колькасць удзельнікаў акцыі — да 500 чалавек.
У 1930-я гады ў Лошыцкім яры знаходзілася спецкаманда НКУС, якая расстрэльвала арыштаваных ахвяр сталінскіх рэпрэсій.
Здымак з архіву. Фота: svaboda.org