МУС паведамляе пра 20 затрыманых супрацоўнікаў кампаніі "Белагра"

Штурм кампаніі "Белагра" / кадр з відэа МУС
Штурм кампаніі "Белагра" / кадр з відэа МУС

У кампаніі "Белагра" міліцыянты затрымалі 20 супрацоўнікаў, паведамляе прэс-служба МУС у сваім тэлеграм-канале.

Паведамляецца, што спярша сілавікі выйшлі на былога тэлежурналіста Дзмітрыя Семчанку, які звольніўся з АНТ падчас пратэстаў у 2020-м. Потым ён працаваў у PR-сферы, у тым ліку ў кампаніі "Белагра", якая займаецца пастаўкай беларускай сельгастэхнікі і запчастак у краіны СНД.

"Падчас ператрусу ў офісе фірмы выяўленая і канфіскаваная вялікая колькасць БЧБ-атрыбутыкі і сімволікі. Дарэчы, нават мэбля там была падабрана ў адпаведнай колеравай гаме. Выяўленыя факты ўдзелу кіраўніцтва і работнікаў у масавых беспарадках жніўня 2020 года, і цяперашняе ўзаемадзеянне з экстрэмісцкімі рэсурсамі (перадача інфармацыі, у тым ліку асабістых даных праваахоўнікаў; рэгістрацыя ў плане "Перамога" ды інш.)", — рапартуе прэс-служба МУС.

Паведамляецца, што на затрыманых склалі адміністрацыйныя пратаколы за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў". Таксама ім пагражаюь справы па абвінавачанні ў распальванні сацыяльнай варожасці; актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак; удзеле ў дзейнасці экстрэмісцкага фармавання.

Дырэктара фірмы, акрамя шсяго, падазраюць у дачы хабару службовай асобе фірмы-партнёра за перамогу ў тэндары. "А на працоўным месцы ў аднаго з супрацоўнікаў, раней судзімага за незаконны абарот наркотыкаў, выяўленая марыхуана", — заяўляюць сілавікі.

Як распавядала Еўрарадыё, ператрус у кампаніі "Белагра" адбыўся 29 верасня. Сілавікі затрымалі гендырэктара кампаніі і ягоную жонку-бухгалтарку, а таксама шэраг іншых супрацоўнікаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі