Музыкі і гледачы, затрыманыя на канцэрце РСП, чакаюць судоў у ІЧУ Жодзіна
59 чалавек, затрыманых на канцэрце РСП у суботу, чакаюць судоў у ізалятары ў Жодзіне.
Як паведамляюць праваабаронцы "Вясны", з 67 затрыманых былі адпушчаныя толькі непаўналетнія і тыя, на чыім утрыманні знаходзяцца дзеці. Але нават на чацвярых з іх складзеныя пратаколы.
Калі і дзе пройдуць суды — пакуль невядома. Спіс затрыманых тут.
Як распавядала Еўрарадыё, позна ўвечары 13 лютага АМАП уварваўся на турбазу "Агеньчык" у Смалявіцкім раёне. Там праходзіў канцэрт гуртоў "Разбітае сэрца пацана", Panska Moc і Ok-Band.
Каментуючы затрыманне артыстаў і гледачоў, прэс-служба МУС заявіла, быццам міліцыянты спынілі несанкцыянаванае масавае мерапрыемства: "Пад выглядам музычнай вечарыны на аздараўленчай базе каля Смалявічаў сабраліся актывісты дэструктыўных телеграм-каналаў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.