Мы і не спадзяваліся: Штаб Караткевіч рэагуе на адмову ў скарзе на вынік выбараў
Цэнтрвыбаркам палічыў, што парушэнні, пералічаныя на 200 старонках дакумента, уплыву на вынік не мелі.
Разгляд скаргі памерам каля 200 старонак, пададзенай Таццянай Караткевіч у ЦВК, працягваўся ўсяго некалькі гадзін. У выніку Лідзія Ярмошына выслухала прадстаўніка экс-кандыдата Ігара Лялькова, кіраўнікоў абласных выбаркамаў і прапанавала скаргу адхіліць. Лялькоў расказвае, што не вельмі і спадзяваўся на добры для свайго кандыдата вынік:
“У прынцыпе, пасяджэнне было прадказальным. Як і яго вынікі. Праходзіла яно па загадзя запланаваным сцэнарыі. Пасля майго выступу з абгрунтаваннем скаргі выступілі кіраўнікі абласных выбаркамаў і расказалі, як у іх усё добра прайшло, як вынікі адпавядаюць таму, што адлюстравала ў справаздачах большасць назіральнікаў”.
Такім чынам, вынікі выбараў 2015 года не адменяць — зрабіць гэта не зможа ні Генпракуратура, ні Вярхоўны суд. Адзінае, што застаецца апазіцыі — дамагацца пакарання для тых членаў камісій, якія, на яе думку, дапускалі парушэнні.
Чытайце таксама Топ-10 парушэнняў са скаргі Караткевіч на вынікі выбараў
У прынцыпе, пасяджэнне было прадказальным. Як і яго вынікі. Праходзіла яно па загадзя запланаваным сцэнарыі. Пасля майго выступу з абгрунтаваннем скаргі выступілі кіраўнікі абласных выбаркамаў і расказалі, як у іх усё добра прайшло, як вынікі адпавядаюць таму, што адлюстравала ў справаздачах большасць назіральнікаў
“Згодна з беларускім заканадаўствам, кандыдат у прэзідэнты далей не мае права абскарджваць гэтае рашэнне Цэнтральнай камісіі. Але я думаю, што асобныя парушэнні, зафіксаваныя назіральнікамі, патрабуюць умяшання пракуратуры, альбо Следчага камітэта”, — расказвае Лялькоў.
Акрамя прадстаўніка штаба Таццяны Караткевіч на пасяджэнні ў Цэнтрвыбаркаме прысутнічалі і іншыя апазіцыянеры. Юрась Губарэвіч з руху “За Свабоду”, напрыклад. Ён расказвае, што ў цэлым скарга экс-кандыдата была складзеная нармальна, а фактаў, выкладзеных у ёй, было дастаткова для непрызнання вынікаў выбараў. Хоць удакладняе, што былі агучаныя “толькі асноўныя факты парушэнняў”.
Губарэвіч кажа, што яго арганізацыя ўжо рыхтуе скаргі ў пракуратуру, у якіх збіраецца пералічыць найбольш абуральныя факты:
“Быў выкрыты прадстаўніком руху “За Свабоду” Дзянісам Турчаняком факт замены бюлетэняў на этапе папярэдняга галасавання на шэрагу участкаў у Брэсце. Па гэтым факце пададзеная скарга ў пракуратуру і будзе спроба дамагчыся расследавання, пакараць вінаватых”.
Так што, апазіцыянерам будзе чым заняцца. Што праўда, дагэтуль ніводная падобная справа не даходзіла да суда.