На "Беларуськаліі" выявілі не толькі крадзяжы, але і хабарніцтва
На "Беларуськаліі" міліцыянты выявілі не толькі буйныя крадзяжы, але і факты хабарніцтва. Пра гэта паведамляе прэс-служба УУС Мінскага аблвыканкама. Парушэнні закону адбываліся падчас мадэрнізацыі прадпрыемства.
Як паведамлялася раней, паводле міліцыянтаў, да крадзяжоў мелі дачыненне галоўны энергетык трэцяга рудаўпраўлення ААТ "Беларуськалій", яго намеснік, а таксама дырэктар аднаго з камерцыйных прадпрыемстваў Мінска. Мяркуецца, што ўдзельнікі групы завышалі аб'ёмы выкананых работ, якія праводзіла названая камерцыйная арганізацыя на аб'ектах трэцяга рудаўпраўлення. Акрамя таго, службовыя асобы "Беларуськалія" падпісвалі акты выкананых работ, якія фактычна не выконваліся. У выніку з 2012 па 2014 год на камерцыйную структуру неабгрунтавана было пералічана больш за 2 млрд рублёў. Гэтыя грошы размяркоўваліся паміж удзельнікамі групы. На іх пачалі крымінальную справу за крадзеж шляхам злоўжывання службовым становішчам (ч. 4 арт. 210 Крымінальнага кодэкса).
Таксама праваахоўнікі заяўляюць, што да незаконнай дзейнасці гэтай групы меў дачыненне галоўны энергетык "Беларуськалія". Яго падазраюць у атрыманні хабару на суму больш за 50 млн рублёў з 2012 па 2014 гады. Хабар, як мяркуецца, перадаваў прадстаўнік названай камерцыйнай структуры. Ад галоўнага энергетыка за гэта патрабавалася спрыяльнае вырашэнне пытанняў, звязаных з атрыманнем аб'ёмаў работ, а таксама стварэнне ільготнага рэжыму працы для гэтай структуры на аб'ектах "Беларуськалія". На галоўнага энергетыка пачалі крымінальную справу за атрыманне хабару (ч. 2 арт. 430 Крымінальнага кодэкса).
Усе фігуранты затрыманыя.